26 студзеня пачынаецца новы сезон «Курсаў Дыджэяў Адраджэння»
26 студзеня ў Менску а 18.00 на ”Арт-Сядзібе” ( пр-т Незалежнасці, 58, офіс 430) пачнуцца курсы Ды-джэяў Адраджэння.
“Дыджэйскія курсы” –гэта адукацыйная праграма для моладзі, якая паклікана рыхтаваць актыўных грамадскіх лідэраў у галіне беларусізацыі на хрысціянскіх прынцыпах. Рыхтуюцца людзі, якія могуць праводзіць яскравыя імпрэзы, канцэрты, арганізоўваць разнастайныя шоў, быць грамадскімі лідэрамі, крэатывіць у галіне PR – і пры гэтым закладваць каштоўнасны падмурак для маладога пакалення. Вядоўца курсаў Павел Севярынец кажа:
– Мы дапамагаем беларусу раскрыць сваё пакліканне – а яно у кожнага сваё. Падрыхтоўка вядзецца адразу па некалькіх кірунках: як правільна выступаць, як трымаць увагу аўдыторыі, як пераконваць і натхняць людзей, інфармацыйныя тэхналогіі, псіхалогія масавая ды індывідуальная, практычныя выпрабаванні. Будучыя ды-джэі адпраўляюцца, так бы мовіць, “з парашутам” у глыбокія беларускія мястэчкі, каб праводзіць там “Шоў беларушчыны”, камандай робяць акцыі, якія павінны трапіць у нацыянальныя СМІ, арганізоўваюць віктарыны і гэтак далей.
Увесь працэс заснаваны на тым, што за кожнае хатняе заданне, за кожнае выпрабаванне, за кожны выступ дыджэям налічваюцца балы. Пачатковы рэйтынг даецца пасля тэсту. І 12 лепшых – паводле гэтага рэйтынгу – урэшце становяцца пераможцамі курсаў. Фактычна, на выпрабаваньнях 1 бал налічваецца за кожнага чалавека, які прыняў удзел у імпрэзе. Летась, падчас дыджэйскай гонкі пераможцы – экскурсавод Павел Дзюсекаў і кіраўнік інтэрнэт-крамы “Імбрык бай” Алесь Мазанік -набралі па 2189 і 2037 балаў адпаведна.
Курсы «Дыджэяў Адраджэння” пачаліся ў 1999-м у легендарным Маладым Фронце. За ўсю гісторыю курсаў было падрыхтавана 109 ды-джэяў. Сярод іх – кіраўніца Маладога Фронту Наста Палажанка, лідэры ” Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч і “Альтэрнатывы” Алег Корбан, пераможца міжнароднай алімпіяды па гісторыі Сяржук Васільеў, кіраўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова, Павел Пракаповіч, прэс-сакратар Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Барыс Гарэцкі, чэмпіён Беларусі ў пажарным спорце Мікалай Тамашэвіч, міжнароднік Сяржук Лісічонак, грамадзкія “зоркі” Андрэй Кім, Алесь Мазанік, Павел Дзюсекаў, Алёна Валынец, Ірына Губская, Наталля Васілевіч, Кірыла Шык, журналісты Кастусь Шыталь, Таццяна Шапуцька, Віталь Зыблюк, Аксана Рудовіч… З тых часоў гэтыя курсы называюць падрыхтоўкай “духоўнага спецназу”.
Курсы, дарэчы, бясплатныя. Рэгістрацыя – 26 студзеня, а 18-й на “Арт-Сядзібе”.