Лідары беларускіх правацэнтрыстаў правялі пікет салідарнасці з ІП у Жодзіне
15 студзеня лідары правацэнтрысцкіх арганізацый Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч наведалі Жодзіна, дзе правялі лятучы пікет салідарнасці з прадпрымальнікамі.
Трымаючы шыльды «Я – ІП», яны выйшлі ў цэнтр горада і тлумачылі людзям, што стаіць за канфліктам паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі і беларускім урадам. Потым наведалі рынак.
«Працуе літаральна тры кропкі, – распавёў сайту ucpb.org лідэр АГП Анатоль Лябедзька. – Паразмаўлялі з тымі, хто выйшаў на працу. Ва ўсіх настрой вельмі дрэнны. Звярнуліся да адміністрацыі рынку. Адметна, што звычайна яна не ідзе на кантакты з палітычнай апазіцыяй, але гэтым разам абменьваліся з намі думкамі вельмі актыўна. Гаварылі, што гэтая праблема датычыць не толькі ІП, але і пакупнікоў, і адміністрацыі рынку. Усе будуць толькі губляць, калі іпэшнікі закрыюцца. І калі мы казалі, што можа сысці 30 адсоткаў іпэшнікаў, то, па іх меркаванні, гэта закране 70 адсоткаў ІП».
«Рэпрэсіі супраць індывідуальных прадпрымальнікаў перад усім адаб’юцца на самых збяднелых слаях насельніцтва, бо звычайна нешта набываюць на рынках людзі не з самым высокім прыбыткам, – лічыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. – Апрача таго, праца ІП вельмі важная для малых гарадоў, бо папаўняе мясцовы бюджэт. Такім чынам рэпрэсіўныя захады ўладаў адаб’юцца не толькі на простых беларусах, але і на беларускай эканоміцы ў цэлым. Бюджэты малых гарадоў недалічацца прыбыткаў. І тое, што мы сёння бачым на рынку – 95 адсоткаў зачыненых шапікаў – пераканаўчае сведчанне бяздарнай палітыкі беларускіх уладаў, якія нясуць нашым рэгіёнам згубу».
Па меркаванні першага намесніка старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, закрыццё рынкаў і пазбаўленне працы прыватных прадпрымальнікаў можна разглядаць як трагедыю для малых гарадоў.
«Шмат хто працуе на рынках сем’ямі, – кажа Юрась Губарэвіч. – Такім чынам цэлыя сем’і будуць пазбаўленыя крыніцы прыбытку. Гэта адаб’ецца і на павышэнні беспрацоўя. Прадпрымальнікам фактычна няма куды дзецца. Прадпрыемствы Жодзіна няздольныя прыняць іх на працу і забяспечыць высокі ўзровень заробкаў. Больш за палову працаўнікоў сядзіць на акладах у 2 млн рублёў. Гэтага, натуральна, недастаткова, каб пракарміць сем’і. На маю думку, рашэнне ўладаў выкінуць дзясяткі тысяч людзей на вуліцу ва ўмовах эканамічнага крызісу абсалютна памылковае».
Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі таксама падалі пісьмовы зварот на імя старшыні Жодзінскага гарвыканкаму з прапановай правесці круглы стол па праблемах карупцыі ў рэгіёне. Мясцовым уладам таксама была перададзеная Антыкарупцыйная платформа, распрацаваная 11 палітычнымі ды грамадскімі арганізацыямі Беларусі, сярод якіх правацэнтрысцкія АГП, БХД і рух «За Свабоду».
Па выніках візіту ў гарвыканкам яны падзяліліся сваімі ўражаннямі з сайтам ucpb.org.
«У размове з жыхарамі горада мы даведаліся шмат фактаў, якія сведчаць аб карупцыі і крадзяжах на дзяржаўных прадпрыемствах, – паведаміў намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. – Усе гэтыя факты трэба выносіць на грамадскае абмеркаванне. Калі праваахоўныя органы і мясцовыя ўлады не знаходзяць сілаў, каб змагацца з карупцыйнымі праявамі, павінен быць арганізаваны ціск з боку грамадства, бо падобныя з’явы б’юць па кашальку кожнага грамадзяніна Беларусі».
«Адзін з галоўных падмуркаў сістэмнай карупцыі – гэта стан, калі ўлада не кантралюецца народам праз свабодныя сумленныя і справядлівыя выбары, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. – І пакуль кіраўнікоў у гарадскія арганізацыі будуць адміністрацыйным чынам прызначаць з Менску, а не абіраць народ, да тых часоў карупцыя будзе невыкараняльнай у рэгіёнах. Гэта мусіць ведаць кожны, у тым ліку кіраўнік выканкаму. І калі б круглы стол адбыўся, гэта хацелася б давесці да ўсіх жыхароў горада і чыноўнікаў».
«Мы працягнем такія паездкі ў рэгіёны, каб ахапіць як мага большую колькасць людзей, а таксама прапанаваць уладам вызначыцца, які праблемы ў Беларусі мы маглі б вырашаць супольна, – падвёў вынік старшыня АГП Анатоль Лябедзька. – Правацэнтрысты фактычна ўжо маюць парадак дня для размовы з грамадзянамі і ўладай. Ён уключае такія накірункі, як супрацьдзеянне размяшчэнню ваенных расейскіх баз у Беларусі, супрацьдзеянне карупцыі, а таксама пытанне змены эканамічнай мадэлі і недапушчэння такіх канкрэтных праяў, як тое, што адбываецца сёння з ІП».