Паўла Севярынца судзяць сёння, але чамусьці завочна

19 студзеня 2016 15:50  |  Галоўныя навіны

Паўла Севярынца судзяць сёння, але чамусьці завочна

На сёння, 19 студзеня, у Маскоўскім судзе Мінска а 14.30 быў прызначаны адміністрацыйны суд у справе сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца – за ўдзел у акцыі 24 лістапада 2015 года.

Праўда, павестку ў суд Паўлу Севярынцу ніхто не перадаваў (як належыць паводле закону). Яе чамусьці даслалі на адрас бацькоў Паўла аж у Віцебск ( і не ўручылі нават бацькам, павестка ляжала на пошце) – хаця адпаведныя ворганы ведаюць, што Павел Севярынец з жонкай даўно пражывае ў Мінску.

– Поўнае беззаконне, – кажа сустаршыня БХД, – “Аформяць”, разгледзяць справу і асудзяць завочна. Сапраўды, навошта прысутнасць чалавека там, дзе яго судзяць? Навошта глядзець чалавеку ў вочы? Відавочна, задача ў рэжыму – асудзіць, але бяз шуму: бо ў лютым – разгляд “візавых абмежаванняў”. Выснова: дробнае шулерства ў рангу дзяржаўнай палітыкі.

Нагадаем, 24 лістапада Павел Севярынец узяў удзел у акцыі з нагоды гадавіны незаконнага рэфэрэндума 1996 года. У пратаколе было пазначана, што склад правапарушэння утрымліваецца ў “возложении горящих свечей к ступенькам Дома Правительства”.

Болей навін