Віцебскі прадпрымальнік абвясціў галадоўку пратэсту (фота)
Супраць бязглуздых законаў, абыякавасці чыноўнікаў, незразумелых дзеянняў ЖРЭТА Першамайскага раёна Віцебска пратэстуе галадоўкай прадпрымальнік Анар Іваноў.
Ён меў невялічкую, у18,6 кв. метраў крамку бытавых сродкаў “Ліза”, названую так у гонар дачушкі. Плаціў арэнду, камунальныя. А крамку зрабіў – збудаваў у пераходе дому па праспекце Будаўнікоў уласнымі рукамі. Бізнесам займаецца з 1996 году, але арэнда стала не па сродках, ад пачатку вырасла ў 3 разы.
Доўгі час не мог зразумець, каму ж ён плаціць арэнду. Быццам бы ЖРЭТУ, але дакументы прыходзілі незразумелыя — нейкія грузаперавозкі. Пачаў разбірацца, каму і за што плаціць. Сцяна. Пачаў пісаць у інстанцыі. Сцяна. Вырашыў выкупіць памяшканне, каб раз сплаціць і быць гаспадаром. Сцяна.
Стаў краму перарабляць у цырульню, зрабіў рамонт, усталяваў прылады, адначасова хадзіў па кабінетах, атрымаў згоду, але галоўныя пытанні так і засталіся: каму і за што плаціць, немагчымасць выкупіць.
І прыйшоў адчай. Абвясціў чалавек галадоўку. Усё закінуў і лёг на імправізаваны ложак тут жа, у незавершанай цырульне. Ведаюць пра гэта ў ЖРЭЦЕ, ведаюць у гарвыканкаме, ведаюць у пракуратуры. Сцяна. І маўчанне. Толькі са ЖРЭТУ зазірнулі: ну ты, давай, хопіць дурыць. Ды заходзяць рэдкія мінакі, бо павесіў аб’яву на дзвярах “ГОЛОДОВКА”, побач – тлумачэнне. Спачуваюць, даюць парады, шкадуюць. І разумеюць: такія адносіны ўлады да чалавека ў нашай краіне – норма.
“Пляваць хацелі слугі народа на народ. То ім памяшканне прадай, то ім паліклініку пабудуй, то адмяні ўказіўку 222, то роверныя дарожкі размець. Толькі асалоду ад жыцця пры ўладзе перашкаджаюць атрымліваць… Плююць насустрач ветру. Чым больш плююць, тым суадносна больш апляваныя, тым меньш веры ім, тым больш жаданне прыцягнуць да адказнасці. І гэтае нашае жаданне здзейсніцца”, – адзначыла каардынатар аргкамітэту БХД на Віцебшчыне Таццяна Севярынец.