Пенсіянерскія арганізацыі б’юць трывогу: з новымі тарыфамі ЖКГ якасць жыцця пенсіянераў істотна пагоршыцца
20 студзеня адбылася сумесная працоўная сустрэча кіраўнікоў Сеньёрскай арганізацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і грамадскага аб’яднання беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне». Прычынай пазачарговай сустрэчы стала беспрэцэдэнтнае павелічэнне камунальных плацяжоў з новага года і шматлікія звароты сталых людзей у арганізацыі з гэтай нагоды.
Нагадаем, з 1 студзеня ў цану на газ і электрычнасць для насельніцтва вырашана ўключаць 20% падатку на даданую вартасць. Таксама з 1 студзеня кошт вады будзе разлічвацца па новых тарыфах; мінчане, напрыклад, будуць плаціць за ваду ў 3,5 разы больш. Ужо ў лютым грамадзяне атрымаюць новыя “жыроўкі” з новымі радкамі, новымі паслугамі і новымі тарыфамі. Як паведамілі ў міністэрстве ЖКГ, тарыфы на новыя паслугі будуць усталёўваць мясцовыя ўлады.
На думку кіраўніцы “Нашага пакалення” Таццяны Зялко, прычыны падаражання “камуналкі” эканамічныя. “Па сутнасці, грамадзяне, і ў першую чаргу найменш абароненыя беларусы – пенсіянеры, вымушаны расплачвацца за няздольнасць уладаў кіраваць краінай. Пенсіі, якія людзі зараблялі ўсё жыццё, цяпер павінны быць аддадзеныя на падтрымку “лукашэнкаўскага эканамічнага цуду”. ЖКГ у Беларусі – адна з самых непразрыстых сфераў, інструмент рабавання грамадства. За што мы плацім, ведаюць толькі адзінкі. Цяпер нам яшчэ і прыйдзецца разабрацца, з чаго плаціць тыя “жыроўкі”, і як пенсіянерам выжыць на тое, што застанецца ад пенсій пасля ўсіх плацяжоў. Мы сталі сведкамі сапраўднага злачынства супраць пенсіянераў”, – кажа яна.
Як адзначыла кіраўніца Сеньёрскай арганізацыі БХД Наталля Маразевіч, “раней, дзякуючы прапагандзе ў падкантрольных дзяржаўных СМІ, значная колькасць пенсіянераў падтрымлівалі Лукашэнку, верылі яму, хадзілі за яго галасаваць… Але “выбары” прайшлі, і “новаабраны” кіраўнік дзяржавы нядоўга думаючы вырашыў аддзячыць свайму электарату, істотна падвысіўшы кошты паслуг ЖКГ. На жаль, ужо цяпер вядзецца агрэсіўная інфармацыйная апрацоўка грамадзян з мэтай фарміравання пазітыўнага грамадскага меркавання па праблеме падаражання “камуналкі”. У СМІ з’яўляюцца артыкулы пра тое, як доўга беларусы чакалі падвышэння тарыфаў ЖКГ, і як гэта насамрэч цудоўна – аплочваць 100% “камуналкі”. Але адкуль грошы браць, пакуль не патлумачылі. Як цяпер выжыць беларускім пенсіянерам: можа нам яшчэ падпрацоўку шукаць ці ехаць працаваць за мяжу? Усё жыццё працавалі, здароўе паклалі, а атрымалі здзек. Хто цяпер пра нас паклапоціцца?”