Лідары правацэнтрысцкіх арганізацый наведалі Маладэчна
21 студзеня лідары АГП, руху «За Свабоду» і БХД сустрэліся з прадпрымальнікамі Маладэчна і прапанавалі мясцовым уладам абмеркаваць праблему карупцыі ў рэгіёне.
«Мы пабывалі на рынку. Карцінка прыкладна такая ж, як у Жодзіна і Дзяржынску: літаральна 5-6 адчыненых гандлёвых кропак, астатнія – пад замком, – распавёў сайту ucpb.org старшыня АГП Анатоль Лябедзька. – Адметна, што людзі становяцца больш гаваркімі, адкрытымі і моцнымі ў рыторыцы, гавораць на камеру тэлеканалу Белсат. Так што, настроі пакрысе мяняюцца, нечаму прадпрымальнікі вучацца і становяцца больш рашучымі.
Візіт да мясцовай вертыкалі нагадаў сітуацыю ў Жодзіна – ні кіраўніка рэгіёну, ні яго першага намесніка на месцы не было. У адпаведнасці з працэдурамі мы зарэгістравалі нашу прапанову правесці круглы стол па праблемах карупцыі, прыклалі тэкст Антыкарупцыйнай платформы і зараз паглядзім, якая будзе рэфлексія ўладаў. Для іх гэта тэст.
Мяркуючы па размовах тутэйшых, сёння а чатырнаццатай гадзіне ў Маладэчні можа адбыцца марш прадпрымальнікаў ад гандлёвага цэнтру да мясцовага райвыканкаму. Калі гэта пацвердзіцца, то мы маем намер узяць удзел у гэтым маршы».
«Улада сваім рашэннем стварае выбухованебяспечную сітуацыю на месцах, – мяркуе першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. – Ад таго, што прадпрымальнікі масава пакінулі рынкі, пацерпяць усе. Найперш самі прадпрымальнікі ды іх сем’і, якія будуць вымушаныя пайсці на біржу працы і шукаць працоўныя месцы ў сітуацыі, калі заробкі, якія могуць прапанаваць прадпрыемствы ў рэгіёнах, досыць малыя, а колькасць месцаў абмежаваная. Гэта створыць дадатковае напружанне для раённага бюджэту, мясцовыя ўлады не даатрымаюць падаткі. Адаб’ецца гэта і на маламаёмасных сем’ях, якія прызвычаіліся закупляць недарагія тавары на рынках. Людзі ў рэгіёнах гэта разумеюць. Яны не чакаюць нічога добрага ад улады, рашэнні якой лічаць неадэкватнымі, прынятымі не ў інтарэсах грамадства».
«Сустрэчы з прадпрымальнікамі яшчэ раз пацвердзілі, што тыя, хто заклікаў не палітызаваць праблему прадпрымальнікаў, зрабілі стратэгічную памылку. За гэта дзесяткі тысяч прадпрымальнікаў паплацяцца працоўнымі месцамі. І гэта ўжо відавочна, – кажа сустрашыня БХД Віталь Рымашэўскі. – Людзі гатовы пратэставаць, пра што сведчыць і плануемы марш. Але пакуль што людзі не гатовыя браць адказнасць асабіста на сябе. Усё чакаюць нейкага збаўцу з прадпрымальніцкіх ці палітычнага колаў. Зараз задача палітычнай апазіцыі – кансалідаваць беларускі народ у абароне яго сацыяльных правоў. Людзі павінны зразумець, што без яднання, без максімальнай палітызацыі ні адно з гэтых пытанняў вырашыць немагчыма. Улады будуць толькі працягваць рабаваць беларускіх людзей, і паездка ў Маладэчна яшчэ раз гэта пацвердзіла».