У Мінску пачаліся “Курсы Дыджэяў Адраджэння”: цяпер рыхтуюць яшчэ і мэнэджараў беларускага руху (фота)
У Мінску на “Арт-Сядзібе” распачаўся адзінаццаты сезон асветніцкіх лідарскіх курсаў Дыджэяў Адраджэння. Каля 30 чалавек прайшлі пачатковы тэст на “Беларускі IQ“.
Вядзе курсы сустаршыня БХД Павел Севярынец.
– Зараз беларускаму руху востра неабходныя добра падрыхтаваныя лідары. Беларускасць мусіць быць моцнай, эфектыўнай, паспяховай. На гэтых курсах мы якраз і кшталтуем грамадскіх арганізатараў, знаёмім іх з асновамі нацыянальнай ідэі і псіхалогіі, вучым арганізоўваць акцыі, праводзіць кампаніі, працаваць з інфармацыяй, сацсеткамі, радыё, тэлевізіяй, – кажа Павел Севярынец.
Адметнасць сёлетніх курсаў у тым, што, акрамя 12 лідараў-дыджэяў, тут будуць рыхтаваць дадаткова і 10 мэнэджараў беларускага руху, пройдзе конкурс беларускіх відэакліпаў і спаборніцтва ў беларускім караоке, а таксама фінальны летнік на Паазер’і. Кожны ўдзельнік курсаў мае свой асабісты рэйтынг і мае прайсці шэраг выпрабаванняў: правесці віктарыну ў школе, арганізаваць грамадскую акцыю з розгаласам у СМІ, зладзіць беларускую імпрэзу ў глухім кутку краіны.
Асноўны кантынгент навучэнцаў на Курсах сёлета – студэнцкая і працоўная моладзь.
Наступны занятак на курсах – у аўторак, 18.00 на “Арт-Сядзібе”, ягоная тэма – “Наша краіна, наш час, наш рух”. Уваход вольны.