Віталь Рымашэўскі: Мінюст прыпыніў рэгістрацыю БХД, бо гуляецца з Захадам
Прыпыненне рэгістрацыі БХД з’яўляецца ні чым іншым, як зацягваннем пытання да прыняцця Еўрапейскім Звязам рашэння па адмене ці працягненні санкцый у дачыненні да Беларусі. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
«Падобныя дзеянні беларускага Мінюста мы назіраем не ў першы раз. Яшчэ ў 2009 годзе міністэрства вынесла канчатковае рашэнне пра нерэгістрацыю БХД, але пасля ноты МЗС Нідэрландаў па прапанове парламенту Нідэрландаў рашэннем міністра юстыцыі наша нерэгістрацыя была прыпыненая на месяц. Падчас гэтага месяцу ўлады шукалі дадатковыя аргументы для Захаду, чаму яны не зарэгістравалі Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю. Рашэнне міністра пра адмену нерэгістрацыі БХД тады па сутнасці з’яўлялася валюнтарысцкім і незаконным, бо парушала ўсе нормы закону», – падкрэсліў палітык.
“Сёння Мінюст зноў патрабуе ад нас тыя дакументы, якія не прадугледжаныя заканадаўствам як абавязковыя для рэгістрацыі партыі. Я перакананы, што адмова ў рэгістрацыі ўжо ляжыць, але не агучваецца, бо ідзе гульня на заходніх дыпламатаў і палітыкаў. Мы будзем звяртаць на гэта ўвагу нашых міжнародных партнёраў і патрабаваць рэгістрацыі і партыі, і грамадскага аб’яднання хрысціянскіх дэмакратаў, а таксама іншых партый і арганізацый у Беларусі», – сказаў сустаршыня БХД.