“За якасную медыцыну”: у Віцебску адчынілі медыцынскі даўгабуд
28 студзеня ў Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыццё першага корпусу абласной інфекцыйнай бальніцы пасля 15-гадовага рамонту. Падзея пачалася а 9-й ранку, але сабрала ўсё абласное і гарадское чынавенства, працаўнікоў установы, журналістаў. Падчас імпрэзы губернатар Віцебскай вобласці Шарснёў між іншым адзначыў, што ўсё, што робяць дзяржаўныя мужы – для простых жыхароў Віцебска і вобласці, а жыхары, галоўнае, павінны быць заўсёды здаровымі і жыццярадаснымі.
Тут быў і першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
“Гэта сапраўды вельмі добрая падзея для жыхароў Віцебшчыны, якую чакалі доўгі час”, – адзначыла каардынатар аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец.
Сябры Віцебскага аргкамітэту БХД, ініцыятары кампаніі “За якасную медыцыну ў Віцебску” маюць да падзеі непасрэднае дачыненне. Толькі за сканчэнне даўгабудаў і шматгадовых рамонтаў было сабрана больш за 1500 подпісаў, былі шматлікія звароты, паходы па кабінетах чыноўнікаў. Хада рамонту першага корпусу абласной інфекцыйнай бальніцы адсочвалася і асвятлялася ў СМІ.
“На чарзе другі корпус, які моцна прайграе ў параўнанні з адрамантаваным. Працы нам хопіць!” – дадала Таццяна Севярынец.