Віталь Рымашэўскі распавёў пра прынцыпы, мэты і задачы дзейнасці правацэнтрыстаў
Напрыканцы мінулага года было падпісана пагадненне аб супольнай каардынацыі працы правацэнтрысцкіх сілаў Беларусі – Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Руху «За Свабоду» і Партыі БНФ. Пра прынцыпы, мэты і задачы дзейнасці правацэнтрыстаў распавёў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.
“Стварэнне правацэнтрысцкай кааліцыі – гэта новы падыход у беларускай палітыцы. Больш за 20 гадоў беларускі народ пакутуе ад папулісцкай палітыкі Лукашэнкі. Увесь гэты час стратэгія апазіцыі была ў тым, каб супрацьставіць уладам папуліста, які будзе больш прывабны для беларусаў і адзіная задача якога – звергнуць рэжым Лукашэнкі. Відавочна, што гэтая стратэгія пацярпела паразу. Падыход Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі палягае ў тым, што палітыка павінна палягаць на каштоўнасцях: ад пачатку і да канца. Таму стварэнне правацэнтрысцкай кааліцыі – гэта новае слова ў беларускай палітыцы: мы аб’ядналіся на глебе супольных каштоўнасцяў. Наша задача няпроста прыйсці да ўлады і прынесці ў краіну дэмакратыю, але і пабудаваць грамадства на супольных кансерватыўных каштоўнасцях”, – адзначыў ён.
Палітык падкрэсліў, што правацэнтрысцкая кааліцыя ўжо пачала супольную працу ў рэгіёнах Беларусі. “Ёсць дамова аб правядзенні супольнай кампаніі ўлетку гэтага года. Праўладным прызначэнцам у «палатку» мы прадставім 110 рэгіянальных лідараў – сапраўдных абаронцаў інтарэсаў грамадства ў кожнай акрузе. Мы працуем над тым, каб стварыць супольную пляцоўку для супрацы ўсіх рэгіянальных кіраўнікоў, правядзення шырокіх кампаній у фармаце Народнага парламенту, якія аб’яднае як рэгіянальных лідараў, так і вядомых асобаў Беларусі, экспертаў. Таксама рыхтуецца супольны пакет рэформаў ва ўсіх найважнейшых галінах Беларусі”, – заявіў ён.
“Я перакананы, што правацэнтрысцкая кааліцыя стане ядром яднання і дэмакратычных сілаў Беларусі. Ужо сёння мы можам размаўляць адным голасам з міжнароднай супольнасцю і грамадствам Беларусі. Прынцып працы беларускіх правацэнтрыстаў – спачатку справы, а потым словы. Менавіта таму мы пачалі сваю працу не з дэкларацый, а з супольных кампаній, супольных паездак у рэгіёны, працы з людзьмі. Дзякуючы правацэнтрысцкай кааліцыі стала магчымым аб’яднанне практычна ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі ў кампаніі назірання «Права выбару», задача якой – супрацьстаяць фальсіфікацыям і дамагацца свабодных і сумленных выбараў у нашай краіне”, – дадаў сустаршыня БХД.
Паводле яго, галоўнымі прыярытэтамі сумеснай працы правацэнтрыстаў стануць:
– Правядзенне сумленных выбараў у Беларусі у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і рэкамендацыямі АБСЕ;
– Абарона незалежнасці Беларусі;
– Захаванне і развіццё беларускай культуры і беларускай мовы;
– Абарона эканамічных і прававых інтарэсаў грамадзян краіны. Ініцыяванне рынкавых рэформаў у беларускай эканоміцы дзеля забеспячэння дабрабыту грамадзян Беларусі;
– Грамадзянскі кантроль за дзеяннямі выканаўчай улады і барацьба з карупцыяй;
– Уцягванне грамадзян у грамадскія і палітычныя кампаніі па абароне сваіх правоў, абароне незалежнасці і дэмакратыі;
– Наладжванне стратэгічнага партнёрства з краінамі «Усходняга партнёрства» і Еўрасаюза;
“Беларускія грамадзяне сёння пазбаўленыя права праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары самастойна кіраваць сваёй краінай і фармаваць усе ўзроўні ўлады ў краіне. Мэтай дзеянняў ўсёй сістэмы кіравання стаў не рост дабрабыту беларусаў і іх сем’яў, а ўмацаванне рэпрэсіўнага механізму і кансервацыя сітуацыі, якая склалася”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
“Задача Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – стаць асновай для яднання беларускай нацыі, пачынаючы ад блізкіх нам па каштоўнасцях і поглядах палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Я перакананы, што БХД – гэта тая сіла, якая нясе бяспеку і дабрабыт для ўсяго беларускага грамадства, як веруючых, так і няверуючых”, – адзначыў ён.