У Маладэчне з’явіліся плакаты БХД «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» (фота)
У межах кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» актывісты БХД Маладэчна распаўсюдзілі ў публічных месцах горада антыалкагольныя плакаты.
Па колькасці алкаголікаў Беларусь традыцыйна “спаборнічае” за першыя месцы ў свеце. А ў 2014 годзе беларусы ўвогуле выпілі больш за ўсіх, паводле аналізу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на падставе афіцыйных статыстычных дадзеных Міністэрства статыстыкі Беларусі.
“Хутчэй за ўсё, пасля скандалу ў 2014 годзе, афіцыйныя лічбы аб’ёмаў спажывання алкаголю цяпер будуць больш стрыманымі і нават меншымі кожны год на пару адсоткаў. Маляваць любыя патрэбныя лічбы ўлады навучыліся дасканала. Але тое, што мы выпадкова даведаліся пра колькасць спажывання алкаголю грамадзянамі ў 2014 годзе, ўжо ніколі не пераўпэўніць беларусаў, што ўлады хвалююцца за здароўе нацыі, моцную беларускую сям’ю, будучыню беларускіх дзяцей”, – адзначыў каардынатар БХД па Менскай вобласці Павел Пракаповіч.