Гомель: “Працэс 16-ці”
Сёньня ў другой палове дня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомеля пачнецца разгляд 16 адміністрацыйных спраў супраць 16 дэмакратычных актывістаў. У дэмакратычным асяродку гэта назвалі ўжо “працэсам 16-ці”.
На 14:10 прызначаны разгляд справы супраць старшыні Жлобінскай раённай арганізацыі ПКБ Валера Рыбчанкі. Праз 10 хвілінаў перад судом павінен быць ужо наступны адказчык. Актывістаў абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця.
16 верасьня блізу 17-й гадзіны паўтара дзесятка кіраўнікоў рэгіянальных партыйных і грамадзкіх арганізацый выйшлі з офісу АГП, што на вуліцы Палескай. Па ходніках яны накіроўваліся на плошчу Паўстаньня, каб паўдзельнічаць у жывым ланцугу памяці зьніклых дзесяць гадоў таму Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.
Праз сто мэтраў дарогу ім перагарадзіў аўтобус. Спэцназаўцы й людзі ў цывільным сталі хапаць актывістаў і цягнуць у аўтобус. Усіх іх адвезьлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, дзе на іх склалі пратаколы пра так званае несанкцыянаванае шэсьце.