У Вярхоўны суд падалі скаргу на нерэгістрацыю Хрысціянска-дэмакратычнага руху
Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Хрысціянска-дэмакратычны рух» (РГА ХДР) падало ў Вярхоўны суд скаргу на нерэгістрацыю арганізацыі Міністэрствам юстыцыі.
У скарзе падкрэсліваецца, што рашэнне аб нерэгістрацыі было прынята незаконна, бо ўсе пададзеныя дакументы адпавядалі нормам заканадаўства, і, у скрайнім выпадку, Мінюст мусіў прадаставіць час на выпраўленне тых частак, якія ў міністэрстве палічылі не адпавядаючымі заканадаўству.
“Лічым, што рашэнне Міністэрствам юстыцыі прынятае беспадстаўна, з’яўляецца неабгрунтаваным і незаконным. Яно парушыла важнае, прадугледжанае арт. 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, права заснавальнікаў РГА ХДР як грамадзян Рэспублікі Беларусь – права на свабоду аб’яднанняў”, — падкрэсліла старшыня аргкамітэту РГА ХДР Вольга Кавалькова.
Нагадаем, што ўстаноўчы сход арганізацыі адбыўся 14 лістапада 2015 года ў Мінску. 14 снежня ў Міністэрства юстыцыі была пададзена заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі РГА ХДР разам з усімі прадугледжанымі Законам Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб’яднаннях» дакументамі. 20 студзеня 2016 года быў атрыманы ліст з Міністэрства ад 15 студзеня, у якім паведамляецца, што Мінюстам прынята рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі РГА ХДР.