У Гародні ўдзельнікі мітынгу ІП заклікалі ўлады не ўводзіць прымусова банкаўскія тэрміналы (фота)
Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі 22 лютага ў чарговы раз падтрымалі пратэсты ІП у Гародні. Пра гэта паведаміў гарадскі каардынатар аргкамітэту БХД, індувідуальны прадпрымальнік Сяргей Верамеенка.
Удзельнікі акцыі пратэсту таксама перадалі заяву ў Гарадзенскі аблвыканкам у рамках праграмы супраць прымусовага ўводу банкаўскіх тэрміналаў.
У заяве яны заклікалі намесніцу старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Алену Агей хадайнічаць аб адмене ці прыпыненні на нявызначаны тэрмін пастановы Нацбанку і Саўміну ад 21 траўня 2015 года №489/7.
“Сярэдні зарабок у большасці жыхароў Гродна складае тры мільёны рублёў. Людзі, ледзь “канцы з канцамі” зводзяць! Хтосьці і зусім не мае працы. Пры такіх абставінах, паслугі таксі не запатрабаваныя насельніцтвам належным чынам. Наша дзейнасць цалкам залежыць ад плацежаздольнасці жыхароў нашага горада. Нашы даходы істотна знізіліся. На сённяшні дзень наша дзейнасць з’яўляецца стратнай і аб увядзенні дадатковых выдаткаў за права ажыццяўлення дзейнасці – і гаворкі быць не можа! Устаноўка тэрмінальнага абсталявання павінна быць рэкамендацыйнай”, – адзначыў Сяргей Верамеенка.