Камітэт Выратавання Прадпрымальніцтва патрабуе выхаду Беларусі з ЕАЭС і падтрымлівае Дзень Волі

26 лютага 2016 10:38  |  Галоўныя навіны

Камітэт Выратавання Прадпрымальніцтва патрабуе выхаду Беларусі з ЕАЭС і падтрымлівае Дзень Волі

У Менску прайшло паседжанне Камітэта Выратавання Прадпрымальніцтва, арганізаванае Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй.

У ім прынялі удзел як прадстаўнікі аб’яднання “Перспектыва” (намеснік старшыні Вячаслаў Піліпук), так і лідары вулічных прадпрымальніцкіх пратэстаў (Алесь Макаеў, Алесь Таўстыка), а таксама Мікалай Статкевіч, сустаршыня БХД Павел Севярынец, Андрэй Клімаў, Дзяніс Садоўскі, і прадстаўнікі ІП з Менску, Гомеля, Берасця, Кобрына, Салігорска, Барысава, Наваполацка, Дзяржынска.

У выніку трохгадзіннага абмеркавання было прынята рашэнне падтрымаць пратэстныя акцыі 28 лютага, 7 і 14 сакавіка, прыняць удзел у Дні Волі, запатрабаваць выхаду Беларусі з ЕАЭС і ўстрымацца ад узаемнай крытыкі.

Поўны тэкст рэзалюцыі Камітэту:

Наступная сустрэча Камітэту пройдзе перад Маршам Прадпрымальнікаў 10 сакавіка ў Менску.

ЗВАРОТ КАМІТЭТУ ВЫРАТАВАННЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА

Прымаючы пад увагу ўсю складанасць сітуацыі, якая склалася вакол прадпрымальніцкага руху ў 2015-2016 гадах, звязаную з празмерным ціскам з боку Урада РБ, і такімі мерамі як:

– Указ Прэзідэнта РБ ад 16 мая 2014 года № 222,

– Змены ў Падатковы кодэкс, уведзеныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 года № 343-З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання »,

-Рост падаткаў і збораў

-Дыскрэдытацыя прадпрымальніцкага руху з боку вышэйшых службовых асобаў дзяржавы.

з улікам больш частай рэпрэсіўнай практыкі прымянення законаў і нормаў,

з улікам частых выпадкаў правакацый з боку падатковых органаў з мэтай завалодання маёмасцю і накладаннем штрафаў фізічным і юрыдычным асобам РБ:

1. Выказваем абурэнне дзеяннямі Ўраду Рэспублікі Беларусь і перасцерагаем Урад РБ : падобныя безадказныя дзеянні могуць выклікаць сур’ёзныя сацыяльныя праблемы і прывесці да
рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця вялікай колькасці грамадзян Рэспублікі Беларусь – і без таго нізкага.

2. Заклікаем выявіць салідарнасць з пратэстуючымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі праваабарончыя арганізацыі, палітычныя партыі і ўсіх людзей добрай волі.

3. Патрабуем адстаўкі Прэм’ер-міністра РБ Кабякова А.В., – чыноўніка, адказнага за і рэпрэсіі, накіраваныя супраць законапаслухмяных падаткаплацельшчыкаў, якія прывялі да рэзкага пагаршэння сацыяльнай абстаноўкі і разбурэння іміджу Рэспублікі Беларусь.

4. Патрабуем неадкладна пачаць грамадскае абмеркаванне мер па выхаду з эканамічнага крызісу і структурных зменах у эканоміцы краіны.

5. Патрабуем кардынальнага перагляду ўмоў вядзення малога бізнесу, з мэтай стварэння новых працоўных месцаў для тысячаў людзей, якія губляюць працу.

6. Выказваем недавер Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, непасрэдна адказнаму за ціск на прадпрымальніцкую супольнасць, абразы і знявагі на адрас прадпрымальнікаў.

7. Патрабуем выхаду Беларусі з Мытнага Саюза і Еўразійскага Эканамічнага Саюза (ЕАЭС).

У выпадку невыканання патрабаванняў Камітэт пастанаўляе:

А. Падрыхтаваць акцыю салідарнасці 28 лютага ў 15.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Б. Заклікаць да ўсеагульнай забастоўкі індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі з 1 сакавіка.

В. Далучыцца да арганізацыі акцыяў “Пара мяняць лысую гуму” 7 сакавіка ў рэгіёнах Беларусі.

Г. Падтрымаць “Марш Прадпрымальнікаў” 14 сакавіка.

Д. Падтрымаць агульнанацыянальную акцыю “Дзень Волі” 25 сакавіка.

Камітэт Выратавання Прадпрымальніцтва заклікае лідэраў і удзельнікаў прадпрымальніцкага руху устрымацца ад узаемнага негатыву ў публічных заявах дзеля агульнай салідарнасці.

Болей навін