Разгляд справы аб нерэгістрацыі ХДР – 11 сакавіка
У парадку падрыхтоўкі да разгляду справы аб нерэгістрацыі РГА “Хрысціянска-дэмакратычны рух” 2 сакавіка ў Вярхоўным судзе адбылося размова з удзелам прадстаўніцы міністэрства юстыцыі Галіны Паплаўскай і старшыні аргкамітэту РГА ХДР Вольгі Кавальковай і яе намесніка Максіма Гацака.
Па выніках размовы было прынята рашэнне правесці судовае паседжанне па нерэгістрацыі арганізацыі 11 сакавіка аб 11:00.
“Мы лічым, што адмова Мінюста ў рэгістрацыі ХДР незаконная, і на судзе мы пабачылі, што ў краіне існуюць двайныя стандарты, калі пры рэгістрацыі адной арганізацыі ўжываецца адно заканадаўства, а да іншых ўжываецца іншае заканадаўства. Ёсць шэраг праўладных арганізацый, якія зарэгістраваныя з такімі ж мэтамі, як і Хрысціянска-дэмакратычны рух, але Мінюст піша, што мы не маем права існаваць і абараняць правы і інтарэсы грамадзян. Зразумела, што суд прыме палітычна матываванае рашэнне і падтрымае міністэрства юстыцыі. Судзя ўжо зараз кажа, што няма прэцэдэнтнага права ў Рэспубліцы Беларусь і мы не можам глядзець на тыя арганізацыі, якія былі зарэгістраваныя раней. Але заканадаўства, якое дзейнічала пры рэгістрацыі тых арганізацый, і заканадаўства, якое дзейнічае зараз, не змянілася ў гэтых накірунках. Відавочна, што ў Беларусі трэба ўводзіць прэцэдэнтнае права, каб калі ў Беларусі быў зарэгістраваны Беларускі саюз жанчын, то і Хрысціянска-дэмакратычны рух з такімі ж мэтамі мусіць быць зарэгістраваны”, – адзначыла Вольга Кавалькова.
“Калі Вярхоўны суд прызнае законным нерэгістрацыю ХДР, то мы будзем дамагацца пазбаўлення рэгістрацыі праўладных арганізацый, у прыватнасці, Беларускага саюзу жанчын, як тых, чый статут не адпавядае дзеючаму заканадаўству”, – падкрэсліў Максім Гацак.