Менскія ўлады забаранілі ўсе пікеты за чыстую ваду

03 сакавіка 2016 16:15  |  Грамадства

Менскія ўлады забаранілі ўсе пікеты за чыстую ваду

Менскія ўлады забаранілі правядзенне пікетаў з мэтай “прыцягнення ўвагі насельніцтва да праблемы неналежнай якасці вадаправоднай вады ў Фрунзенскім, Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах горада Менска”.

Пікеты планавалася праводзіць 4, 5 і 6 сакавіка на пляцоўках каля 12-й гарадской бальніцы, перад галоўным уваходам на Заходні рынак і насупраць адміністрацыі Фрунзенскага раёна адпаведна.

Прычыны адмоваў надуманыя, заявіў грамадскай ініцыятывы “Наша Кунцаўшчына”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. Так, пікет за 300 метраў ад бальніцы нібыта супярэчыць заканадаўству, а пікет ля Заходняга рынку нібыта будзе замінаць пакупнікам.

“Усё гэта сведчыць пра тое, што ўлада замоўчвае сітуацыю з якасцю пітной вады. Не хоча яе апублічваць. Нягледзячы на перашкоды, мы будзем працягваць гэтую кампанію і з панядзелка пачнем яе новы этап. Жыхары Фрунзенскага, Маскоўскага і Кастрычнікага раёнаў Менска – гэта 45% насельніцтва беларускай сталіцы. Фактычна праблема хвалюе кожнага другога жыхара Менска, а значыць, мы працягнем дамагацца яе вырашэння”, – падкрэсліў Дзяніс Садоўскі.

Болей навін