Тхары, спартсмены і ветэраны — каго зарэгістраваў Мінюст замест БХД?
У сувязі з чарговай адмовай Міністэрства юстыцыі Беларусі ў рэгістрацыі Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Krynica.info вырашыла паглядзець, каго зарэгістраваў Мінюст за мінулы год. Дадзеныя ўзятыя з афіцыйнага сайта ведамства. Не выключана, што гэта не поўны спіс зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, але скласці ўяўленне пра тое, каго рэгіструюць у Беларусі, ён дазваляе.
І так, 23 лютага 2016 года было зарэгістравана грамадскае аб’яднанне «Беларуская рэспубліканская арганізацыя таэквандо», 26 студзеня — грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя безэкіпіровачнага паўэрліфтынгу», 1 снежня 2015 года — рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя айкідо ёсінкан», 30 чэрвеня 2015 года — рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя гартавання і спартыўнага зімовага плавання».
З неспартыўных арганізацый атрымалі рэгістрацыю Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне ветэранаў-энергетыкаў (27 лістапада 2015 году), грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства рэўматолагаў» (13 лістапада 2015 году), грамадскае аб’яднанне «Беларуская гільдыя майстроў і рамеснікаў» (27 кастрычніка 2015 году), Беларускае грамадскае аб’яднанне дапамогі былым непаўналетнім вязням фашызму «Памяць сэрца» (да 1 ліпеня 2015 году), а таксама Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне аматараў тхароў «Фурытус» (4 жніўня 2015 года).
Такім чынам, па дадзеных афіцыйнага сайта Мінюста, за мінулы год у Беларусі было зарэгістравана дзевяць грамадскіх арганізацый, з іх ні адна ніякім чынам не звязана ні з палітычнай, ні з праваабарончай дзейнасцю.
Адзначым, што апошняя палітычная партыя ў Беларусі была зарэгістравана 16 гадоў таму — 28 лютага 2000 года. Была гэта Кансерватыўна-хрысціянская партыя-БНФ на чале з Зянонам Пазьняком. Пасля гэтага партыі ў Беларусі не рэгістравалі, а толькі пазбаўлялі рэгістрацыі.