Віталь Рымашэўскі: павышэнне пенсійнага ўзросту прывядзе да таго, што яшчэ менш беларусаў дажыве да пенсіі

11 сакавіка 2016 14:26  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: павышэнне пенсійнага ўзросту прывядзе да таго, што яшчэ менш беларусаў дажыве да пенсіі

Павышэнне пенсійнага ўзросту для працуючых беларусаў ва ўмовах высокай і ранняй смяротнасці, шматлікіх хваробаў – ні што іншае, як цынізм з боку беларускіх уладаў. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, каментуючы апошнія ініцыятывы ўладаў.

“Беларусы хварэюць і рана паміраюць ад палітыкі ўладаў, якая корміць людзей радыёактыўнымі прадуктамі, засяваючы забруджаныя землі. Якасць медычных паслуг зніжаецца год ад года. У Беларусі няма ніводнай сям’і, блізкія ці далёкія сваякі якой бы не хварэлі ці не паміралі б ад анкалогіі. І ў гэтым віна дзеючага рэжыму. У беларускай прадукцыі нават расійскі Рассяльгаснагляд выяўляе перавышэнне ў разы небяспечных рэчываў, якія, па сутнасці, труцяць беларусаў. Гэтыя прадукты не пускаюць сёння нават на расейскі рынак”, – адзначыў ён.

На яго думку, “адзіныя, для каго б трэба было б сёння павысіць пенсійны ўзрост, – гэта правячая беларуская вярхушка. А менавіта: дэпутаты ўсіх скліканняў і ўзроўняў, якія не прымаюць неабходных законаў для паляпшэння сітуацыі. Гэта сілавыя структуры, якія падтрымліваюць рэжым і арганізуюць фальсіфікацыю выбараў”. “Пакуль якасць і працягласць жыцця ў Беларусі, насамрэч, а не на статыстыцы не павысіцца, павышэнне пенсійнага ўзросту азначае яшчэ адзін здзек з беларускага народу. У сённяшніх умовах ідэя павышаць пенсійны ўзрост прывядзе толькі да таго, што яшчэ менш людзей будзе дажываць да пенсіі”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

“Пенсійнае забеспячэнне насельніцтва вырашаецца не паборамі і пагаршэннем умоў існавання беларусаў, а рэформай пенсійнай сістэмы, якую прапануюць беларускія хрысціянскія дэмакраты. Мы будзем арганізоўваюць грамадскую кампанію ў падтрымку пенсійнай рэформы і патрабаваць ад уладаў неабходных крокаў. Не зрабіўшы гэтага, ні пра ніякае павышэнне пенсійнага ўзросту казаць нельга”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін