Старшыня ХДР: важна, каб суддзі і пракуроры памяталі – сённяшні рэжым нявечны
Суды, пракуратура і чыноўнікі забылі пра сваю галоўную функцыю – замест абароны грамадзян, законнасці і справядлівасці яны абслугоўваюць інтарэсы ўладаў. “Пры сённяшняй уладзе ў беларусаў няма шанцаў на абарону ні ў кабінетах чыноўнікаў, ні ў пракуратуры і ні ў судах”, – заявіла старшыня РГА “Хрысціянска-дэмакратычны рух” Вольга Кавалькова, па выніках разгляду ў Вярхоўным Судзе справы аб нерэгістрацыі ХДР Міністэрствам юстыцыі.
“Довады прадстаўніка Міністэрства юстыцыі былі неабгрунтаванымі і надуманымі і выглядалі спробай апраўдаць незаконныя рашэнні ведамства. Пракурор Ляўданскі жа ўвогуле зачытаў сваё рашэнне з загадзя прынесенай і раздрукаванай паперкі. У суд мы прадставілі статуты і юрыдычныя адрасы шэрагу зарэгістраваных праўладных арганізацый, якія маюць тыя ж “парушэнні”, якія Мінюст знайшоў у ХДР, але прадстаўніца міністэрства, суддзя і пракурор адзінадушна адмовіліся далучаць іх да справы”, – адзначыў намеснік старшыні Максім Гацак.
“Відавочна, што ў нашай краіне дзейнічаюць двайныя стандарты: адныя – у дачыненні да праўладных арганізацый, другія – для арганізацый, якія прадстаўляюць альтэрнатыву рэжыму і абараняюць інтарэсы грамадзян. Важна, каб гэтыя людзі – суддзі, пракуроры і чыноўнікі – памяталі, што сённяшні рэжым нявечны, і раней ці пазней усе суддзі, чыноўнікі і пракуроры стануць перад іншым судом і панясуць адказнасць за свае незаконныя рашэнні ды прысуды. Сітуацыя ж з арыштам Юрыя Чыжа паказала, што пры патрэбе рэжым распраўляецца нават з самі вернымі сваімі прыхільнікамі”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.
Вынясенне прысуды адбудзецца 14 сакавіка а 16:00 ў Вярхоўным судзе. Прысуд будзе вынасіць суддзя Валянціна Кулік, вядомая тым, што прызнала законнай ліквідацыю “Вясны”, нерэгістрацыю Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Руху За Свабоду. У 2013 годзе яна была ўганараваная кіраўніком дзяржавы “Ордэнам пашаны”.
Запрашаем на вынясенне рашэння Вярхоўнага суду журналістаў, грамадскіх і палітычных дзеячоў, замежных дыпламатаў, а таксама ўсіх неабыякавых да лёсу грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.