Зварот ініцыятыўнай групы па абароне правоў таксістаў: дзеянні ўладаў нагадваюць учынкі бандытаў з вялікай дарогі

17 сакавіка 2016 09:27  |  Галоўныя навіны

Зварот ініцыятыўнай групы па абароне правоў таксістаў: дзеянні ўладаў нагадваюць учынкі бандытаў з вялікай дарогі

Сумеснай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь № 700/14 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2011 г. № 924/16» прадугледжана ўстаноўка сродкаў кантролю падатковых органаў (далей – СКПО) у аўтамабілях-таксі. Гэта пастанова тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацый, якія ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі таксі.

У таксометр усталёўваецца сродак кантролю касавага абсталявання (далей – СККА), за які бярэцца закладны кошт у памеры 1 500 000 рублёў. Пры наступным скасаванні дагавора гэтая сума будзе вяртацца ўласніку таксометра без індэксацыі. Акрамя гэтага, перад устаноўкай сам таксометр павінен прайсці мадэрнізацыю, якая абыйдзецца яго ўладальніку яшчэ ў 1 500 000 рублёў. Таксама прадугледжана спагнанне аплаты за ўстаноўку – 80 000 рублёў і штомесячныя выплаты ў 75 000 рублёў. Развітацца з грашыма прадпрымальнікам дапаможа Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах”. Прычым закладны кошт СККА зацверджаны ўказам дырэктара гэтага РУП з фармулёўкай «у сувязі з вытворчай неабходнасцю».

На час устаноўкі СККА ў таксометр аўтамабіль-таксі не зможа выязджаць на лінію з-за адсутнасці падменнага фонду ў прадпрыемства, якое абслугоўвае касавыя апараты. А гэта па часе займае ад двух тыдняў да месяца. Гэта азначае прамыя страты перавозчыка.

Мала таго, што беларускі таксометр апошняе версіі разлічаны на працу толькі цягам шасці гадоў, пасля чаго яго неабходна мадэрнізаваць, выклаўшы 2 000 000 рублёў. Цяпер трымальнікаў лічыльнікаў таксі, цана на якія на сваім піку даходзіла да 500$, дзяржава “ўзнагародзіла” яшчэ адной дакучлівай прапановай – усталяваць СКПО. Вось вам чарговая даважка да банкаўскіх тэрміналаў для таксовак, пытанне пра якія так да гэтага часу і не вырашана.

Мяркуецца, што кантралюючыя органы змогуць адсочваць у рэжыме анлайн ўсе перамяшчэнні аўтамабіля-таксі. То бок назіраць за кожным крокам таксіста – кожным абаротам яго кола за яго ж (грамадзяніна РБ) грошы.

Аўтары пастановы кажуць пра тое, што “ўвод сістэмы забяспечыць пераход на прынцыпова новы падыход да кантролю за паўнатой ўліку выручкі, павышэнне эфектыўнасці кантролю і павелічэнне добраахвотных падатковых паступленняў у бюджэт”. Хто не ў курсе, таксометр ўжо мае пяць ступеняў абароны – дзве пломбы і тры галаграмы. Згодна адказу на наш афіцыйны запыт Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь інфармуе, што касавы падсумоўваючы апарат таксометр “БелТАКС” адпавядае ўсім патрабаванням і нормам стандартаў Рэспублікі Беларусь. У выніку чаго з’яўляецца дастаткова надзейнай прыладай для падліку аплаты за праезд і прыёму грашовых сродкаў ад спажыўца паслуг, а таксама для справаздачы перад падатковай інспекцыяй.

“Купі цэглу, падаткаплацельшчык! Нічога асабістага, проста такая вытворчая неабходнасць”, – кажуць кіраўнікі збанкрутаванай эканомікі тым, хто, на іх думку, яшчэ не дастаткова “выціснуты”. З міру па нітцы – бюджэту латка. І не простая, а з дадатковай магчымасцю адсочваць прадпрымальніка па месцы яго знаходжання.

Лічым, што ва ўмовах усё большага пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне дадатковыя выдаткі ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрымальнікаў абавязкова пацягнуць павелічэнне аплаты за праезд і, як следства, удараць не толькі па вытворцах паслуг, але і па іх спажыўцах. Устаноўка і абслугоўванне СКПО прымусяць перавозчыкаў павысіць тарыфы на свае паслугі. Ва ўмовах падзення прыбыткаў насельніцтва (пасажыраў) гэта прывядзе да скарачэння пасажырапатоку і пагаршэння і без таго складанай сітуацыі ў сферы таксі.

У сувязі з вышэйпералічаным лічым выкананне патрабаванняў гэтай пастановы ва ўмовах цяжкай эканамічнай сітуацыі ў краіне непрымальным і непатрэбным.

Нам яшчэ і яшчэ раз прапануюць скінуцца на аплату «геніяльных эканамічных рашэнняў» урада. Прычым, тут нібыта ўсё па законе. Вось толькі ў прыняцці гэтых законаў мы, на жаль, не прымаем аніякага ўдзелу. Яны ўводзяцца ў аднабаковым парадку.

Калісьці, у 1990-я гады “найбольш прадпрымальная” частка насельніцтва былога СССР займалася на прасторах СНД рэалізацыяй цаглін. Прычым у літаральным сэнсе. Гэтыя «прадпрымальнікі», а дакладней бандыты з вялікай дарогі прапаноўвалі аўтаўладальнікам купіць цэглу. Гэта з’яўлялася своеасаблівым выкупам за бяспеку «пакупніка» і адсутнасць далейшай агрэсіі з боку «прадаўца». У выпадку адмовы ад куплі, цэгла аддавалася «бязвыплатна» – яна ляцела ў лабавое шкло.

Цяперашнія дзеянні ўрада вельмі нагадваюць «прадпрымальнасць» малойцаў з вялікай дарогі, калі, не ўлічваючы твае жаданні і фінансавыя магчымасці, цябе змушаюць рабіцца спажыўцом. Чарговы раз, за шалёныя грошы, «упарываюы насельніцтву цэглу» (па-іншаму не назавеш), дзяржава нават не задумваецца, што гэтае самае насельніцтва ўсё адно рана ці позна непазбежна ператворыцца ў грамадзян. Сотні, тысячы разоў ашуканыя і абрабаваныя людзі перастануць трываць свавольства чыноўнікаў і аплочваць капрызы сапраўдных дармаедаў. Вось тады гэтаю самая «цэгла», у колькасці некалькіх мільёнаў паасобнікаў, абавязкова вернецца назад. Да сваіх сапраўдных уладальнікаў. Да таго, хто яе стварыў. І цалкам заслужыў працэдуру вяртання «тавару». Прычым з індэксацыяй.

На сённяшні момант складзены адпаведны зварот для накіравання ў Нацбанк, СаўМін, Адміністрацыю кіраўніка Дзяржавы, пад каторым можа падпісацца любы грамадзянін Беларусі.

Будзем рады ўсім, хто далучыцца да нашай кампаніі!
Сяргей Верамеенка +375 29 5082082

Мікалай Пракопчык +375 29 2808844

Болей навін