Віктар Дашкевіч: Лукашэнка мусіць сысці (фота, відэа)
15 сакавіка 2016г. у Капылі прайшоў дазволены Капыльскім райвыканкамам мітынг, прысвечаны дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
З 10 населеных пунктаў Мінскай вобласці, дзе планавалася правесці масавыя мерапрыемствы, мітынг быў дазволены толькі ў г. Капыль каардынатару БХД Віктару Дашкевічу.
Удзел у мерапрыемстве прынялі актывісты з Капыля, Мінска, Маладэчна, Бабруйска і Салігорска: Алесь Кутасаў, Раман Ганчароў, Павел Пракаповіч, Ігар Казімірчык, Уладзімір Шыла, Таісія Кабанчук, Яўген Глаголеў-Васьковіч і іншыя.
Удзельнікі мітынгу патрабавалі ад уладаў незалежнага расследавання знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага. Таксама мітынгоўцы прызвалі Лукашэнку да адказу ў справах забойстваў Генадзя Карпенкі, Веранікі Чаркасавай, Алега Бябеніна, Яны Паляковай, Валянціна Доўнара, Андрэя Зайцава, Анатоля Майсені. Акрамя таго актывісты патрабавалі ад ўладаў неадкладна выпусціць палітвязняў і ўсіх несправядліва асуджаных беларусаў: Андрэя Бандарэнку, Міхаіла Жамчужнага, Алесю Садоўскую, Ірыну Моцную.
“Лукашэнка мусіць сысці. Далейшае яго знаходжанне пры ўладзе пагражае дзяржаўнасці нашай краіны. Мы і цяпер жывем у калоніі, а не ў краіне. Канстытуцыя дзейнічае фармальна, замест Канстытуцыі ў нас шырма”, – заявіў арганізатар мерапрыемства, каардынатар БХД Віктар Дашкевіч.
Па выніках мітынгу 15.03.2016 г. яго ўдзельнікі прынялі супольную рэзалюцыю: ”Аднавіць дзеянне Канстытуцыі ўзору 1994 года і скасаваць усе антыканстытуцыйныя ўказы.” “Мы патрабуем правесці сапраўдныя свабодныя выбары, забяспечыць сапраўдны падзел уладаў і аднавіць незалежную судовую сістэму,” – заявілі ўдзельнікі мерапрыемства.