Запрашаем на прэс-канферэнцыю аргкамітэту адзначэння Дня Волі
Аргкамітэт адзначэння 25 сакавіка Дня Волі запрашае журналістаў 18 сакавіка на прэс-канферэнцыю на сядзібе Беларускага народнага фронту ў 16:30. У аргкамітэт уваходзяць Віталь Рымашэўскі (БХД), Алесь Лагвінец (Рух “За свабоду”), Анатоль Лябедзька (АГП), Вячаслаў Сіўчык (Рух “Разам”), Мікалай Статкевіч (БСДП НГ), Аляксей Янукевіч (ПБНФ).
Афіцыйны адказ з Менгарвыканкаму адносна акцыі чакаецца 18 сакавіка. “Дазваляльны характар масавых акцый у Беларусі абсалютна незаконны. І тое, што Менгарвыканкам так доўга марудзіць з рашэннямі, гэта таксама замінае ў арганізацыі мерапрыемства, запрашэнні людзей. Улады робяць гэта наўмысна”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі, заклікаўшы грамадзян прыходзіць на акцыю ў Дзень Волі.
Збор удзельнікаў акцыі плануецца 25 сакавіка на пляцоўцы перад будынкам Акадэміі навук з 18.00 да 19.00. Затым у гэтым жа месцы мяркуецца правесці 20-хвілінны мітынг, пасля чаго калона дэманстрантаў пойдзе шэсцем па ходніках праспекту Незалежнасці да парку Янкі Купалы, дзе з 20.00 да 20.30 працягнецца мітынг.