Беларуская дэмакратычная апазіцыя дамовілася пра сумесны сцэнар святкавання Дня Волі

18 сакавіка 2016 20:53  |  Галоўныя навіны

Беларуская дэмакратычная апазіцыя дамовілася пра сумесны сцэнар святкавання Дня Волі

Нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам не дазволіў шэрагу заяўнікам з-за наяўнасці парушэнняў заканадаўства аб масавых акцыях быць арганізатарамі мітынгу і шэсця 25 сакавіка, беларуская дэмакратычная апазіцыя святкуе Дзень Волі разам. Пра гэта было заяўлена на супольнай прэс-канферэнцыі лідараў дэмакратычных сілаў.

У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел Віталь Рымашэўскі (БХД), Анатоль Лябедзька (АГП), Вячаслаў Сіўчык (Рух “Разам”), Мікалай Статкевіч (БСДП НГ), Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў (ПБНФ). Таксама арганізатарам акцыі з’яўляецца “Рух за Свабоду”.

“Менгарвыканкам таксама адмовіў нам у правядзенні акцыі па заяўленым маршруце ад Акадэміі навук да скверу Янкі Купалы, дазволіўшы шэсце толькі ад кінатэатру “Кастрычнік” да плошчы Бангалор. Гэта мы расцэньваем як правакацыю. Арганізатары пайшлі насустрач уладам, падаўшы афіцыйную заяўку, хоць мы лічым, што сам прынцып атрымання дазволу на масавыя акцыі парушае базавыя прынцыпы правоў чалавека і правы грамадзян Беларусі на мірныя сходы», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Мікола Статкевіч заклікаў грамадзян а 17:00 ускладаць кветкі да помніка Янку Купалу, а потым адтуль пешшу рухацца да кінатэатру “Кастрычнік”, дзе а 18:00 адбудзецца збор удзельнікаў акцыі і афіцыйна дазволены мітынг, на якім будуць прынятыя рашэнні і рэзалюцыі акцыі. У тым ліку арганізатары плануюць патрабаваць ад уладаў, каб 25 сакавіка стала афіцыйным святам у Рэспубліцы Беларусь. Такім чынам, і шэсце, і мітынг у цэнтры Менска 25 сакавіка адбудуцца.

Анатоль Лябедзька заклікаў усіх удзельнікаў прыходзіць на акцыю з бел-чырвона-белымі стужкамі, а Вячаслаў Сіўчык распавёў пра святкаванне Дня Волі ў іншых гарадах, у тым ліку ў Кіеве і Варшаве.

Болей навін