З-за тэрактаў у Бруселі адмененае паседжанне камітэту Еўрапарламенту па замежных справах па Беларусі
Беларуская дэлегацыя ў поўным складзе (Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч, Наталля Радзіна, Ірына Вештард, Андрэй Бастунец, Улад Вялічка, Таццяна Караткевіч і Аляксей Янукевіч) 22 сакавіка ў Бруселі ўзяла ўдзел у працоўным паседжанні Еўранэсту па Беларусі.
“За выключэннем асобнай думкі адной арганізацыі наша пазіцыя была супольнай: правядзенне свабодных і справядлівых выбараў мусіць быць умовай для фінансавай падтрымкі і палітычнай супрацы ЕС і беларускіх уладаў. Хутка адбудзецца пленарнае паседжанне сесіі Еўранэст, у якім таксама возьмуць удзел дэмакратычныя сілы з Беларусі”, – паведаміў сустаршыня БХД.
Разам з тым з-за тэрактаў у Бруселі адменена паседжанне камітэту Еўрапарламенту па замежных справах, на якім планавалася прадставіць супольную пазіцыю беларускіх дэмакратычных сілаў. “На жаль, сусветнае зло вельмі часта гуляе на руку рэжыму ў Беларусі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Таксама з-за тэрактаў 23 сакавіка ў беларускай дэлегацыі могуць узнікнуць праблемы з вылетам у Беларусь.
Фота Анатоль Лябедзька