У Віцебску падалі заяўкі на пікеты за якасную медыцыну (фота)
22 сакавіка будучыя прамоўцы БХД падчас парламенцкай кампаніі Алена Шабуня і Таццяна Севярынец перадалі заяўкі на пікеты, якія маюць адбыцца 8 красавіка адначасова на розных акругах Віцебска: Чкалаўскай №18 і Чыгуначнай №19.
Мэтай пікетаў пазначана прыцягненне ўвагі жыхароў Віцебска да праблем якасці медыцынскага абслугоўвання. “Кампанія “За якасную медыцыну ў Віцебску для ўсіх” БХД доўжыцца ўжо амаль два гады. Ёсць канкрэтныя дасягненні, але засталося і шмат нявырашаных пытанняў. У горадзе распачаты і ідзе чацвёрты этап кампаніі на абедзвюх акругах”, – адзначыла Таццяна Севярынец.
Таксама актывісткі перадалі ў адну з самых старых праваслаўных цэркваў Віцебска – святога Марка зварот і бланк з калектыўным зваротам для збору подпісаў сярод паствы ў абарону жыцця. “У царкве нас выслухаў настаяцель а. Лазар, прачытаў зварот, накіраваў да служыцеля, якому мы і перадалі паперы. Нас адразу ж зразумелі, выказалі падзяку і паабяцалі далучыцца да кампаніі”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.