Дзяніс Садоўскі: Куды зніклі грошы, шэсць гадоў вылучаемыя на перавод Менска на артэзіянскую ваду?
Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” і кіраўнік ініцыятывы “Наша Кунцаўшчына” 23 сакавіка сустрэўся з старшынём Менскага гарадскога савету дэпутатаў Васілём Панасюком і дырэктарам Менсквадаканалу Алегам Аўруціным. Сустрэча была прысвечаная кампаніі “За чыстую ваду” ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Менска, якую пачала ініцыятыва “Наша Кунцаўшчына” пры падтрымцы БХД і сайта www.zvarot.by, на якім працягваецца збор подпісаў пад патрабаваннямі найхутчэйшага пераводу Менска на артэзіянскую ваду.
“Галоўнае пытанне, якое задавалася чыноўнікам, – на што шэсць год ішлі грошы, вылучаныя ў межах дзяржпраграмы па пераводзе Менска на артэзіянскую ваду і чаму з гэтага году ўсё пачынаецца з нулю”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.
На гэта Васіль Панасюк адказаў, што грошы, які вылучаліся на Дзяржпраграму, перазмяркоўваліся на іншыя мэты. “Гэта значыць, што фактычна ніякай дзейнасці за апошнія шэсць гадоў па пераводзе Менска на артэзіянскую ваду не рэалізоўваліся, а сродкі альбо спісваліся, альбо знікалі. Уцямнага адказу, куды яны знікалі, на сустрэчы так і не прагучала”, – заявіў адказны сакратар БХД.
Наконт якасці вады старшыня Менгарсавету адзначыў, што многія з тых, хто жывуць у Фрунзенскім раёне, ваду з-пад крану не п’юць і ўжываюць яе толькі праз фільтры. Ды і сам спадар Панасюк, які пражывае ў Фрунзенскім раёне паставіў сабе у кватэру фільтр. “То бок улады прызналіся, што не п’юць ваду з-пад крану, якую самі ж прапануюць менчукам”, – дадаў Дзяніс Садоўскі.
Па выніках сустрэчы на імя Васіля Панасюка быў складзены зварот хаця б пісьмова, калі вусна не атрымалася, паведаміць, куды ж прапалі грошы на перавод Менска на артэзіянскую ваду.
Дырэктар вадаканалу ў сваю чаргу адзначыў, што не можа адказаць, куды пайшлі грошы, бо ўзначаліў прадпрыемства толькі ў 2015 годзе. Але ён паведаміў, што ў другім паўгоддзі 2016 году плануецца большую частку Маскоўскага раёну перавесці на артэзіянскую ваду, павысіўшы магчымасці водазбору “Пятроўшчына”. “Гэта добрая навіна. Але ж трэба кантраляваць, каб гэтыя абяцанні былі рэальна выкананыя”, – падкрэсліў кіраўнік “Нашай Кунцаўшчыны”.