Апазіцыя абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з прадстаўніком Сэнату ЗША

25 сакавіка 2016 16:26  |  Палітыка

Апазіцыя абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з прадстаўніком Сэнату ЗША

Апазіцыйныя палітыкі 25 сакавіка ў Менску абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі са старшым дарадцам у Еўропе, Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі камітэта міжнародных стасункаў Сэнату ЗША Дэміянам Мёрфі. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскі партыіАнатоль Лябедзька.

З беларускай стараны ў сустрэчы таксама ўдзельнічалі старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і сустаршыня аргкамітэта для стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Са слоў Лябедзькі, сустрэча доўжылася больш за гадзіну. «У нас з Мілінкевічам і Севярынцам была агульная пазіцыя. Мы выклалі сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі, дыялогу беларускіх уладаў і міжнароднай супольнасці. Частка дыскусіі была прысвечаная выбарчай кампаніі, якая пройдзе ў гэтым годзе. Таксама закраналіся пытанні стасункаў з Еўрапейскім звязам, санкцый», – паведаміў ён.

Лябедзька адзначыў, што «быў вельмі грунтоўны дыялог». На ягоную думку, задача візіту Мёрфі ў Беларусь звязаная з падрыхтоўкай рэкамендацыі перад тым, як Вашынгтон у красавіку будзе разглядаць пытанне аб санкцыях у дачыненні да Беларусі.

Афіцыйнай інфармацыі пра візіт прадстаўніка ЗША дагэтуль няма. Сёння Мэрфі таксама плануе сустрэцца са старшынём грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатолем Шумчанкам.

Болей навін