Пра тэзіс “тэрарысты – не мусульмане”
Ці ёсць тэрарысты (не)мусульманамі? – Я не магу даць адназначнага адказу, з той простай нагоды, што я не мусульманка, а значыць, не належу да той групы людзей якая можа аўтарытэтна заяўляць, што (не) ёсць ісламам.
Але тыя мае сябры і знаёмыя, якія належаць да гэтай рэлігіі – дэманструюць дзіўную згоду ў гэтым пытанні.
Раней я прымала іх пазіцыю збольшага за недагаворанасць і паліткарэктнасць. Але з цягам часу пераканалася: яны рэальна лічаць, што тэрарысты не мусульмане. Адна сяброўка нават здолела растлумачыць так, што я нават зразумела яе логіку – нягледзячы на ўласную сумную перакананасць, што інквізітары ўсё ж хрысціяне, дый Царыёнаў-Энтэо праваслаўны…. Каб быць мусульманінам, сцвярджае Сахар, ірландка з суданскімі каранямі, ты павінен адпавядаць пэўным крытэрыям, да прыкладу, быць міласэрным…
З іншага боку, мае сябры і знаёмыя, мабыць, не ёсць мусульманамі з пункту гледжання ігіладэбіла. Што ж, арганізацыйная прыемнасць іслама ў тым, што ты можаш сам выбіраць, якія імамы для цябе аўтарытэтныя.
Але што асабліва хачу падкрэсліць у гэнай калізіі, дык гэта маю катэгарычную нязгоду з тэзісам аб процістаянні цывілізацый (рэлігій, культур).
Маё радаснае імігранцка-мультыкультурнае адкрыцце: каштоўнаснае паразуменне людзей не залежыць ад іхняга паходжання, мовы, рэгіёна ці (дзіўна, але так!) нават рэлігіі. Магу палаяцца з праваслаўным беларусам, каторы будзе мне даводзіць што Пуцін круты – а потым знайсці глыбокую згоду і паразуменне з чачэнкай з дудаеўскімі поглядамі ў хіджабавай галаве.
Процістаянне ёсць. Процістаянне менталітэтаў. Барацьба не цывілізацый, а менталітэтаў – адчуйма розніцу.