Гарадзенскія таксісты зноў выйшлі на плошчу Леніна (відэа)
28 сакавіка ў Горадні ў чарговы раз пратэставалі таксісты. Кіроўцы зладзілі на плошчы Леніна «мабільны пікет»: кожны чарговы таксіст падыходзіў, каб здаць аўтарам ініцыятывы падпісныя лісты або асабістыя заявы з патрабаваннямі скасаваць абавязковыя банкаўскія тэрміналы ды таксометры. Да таго ж гэтыя прылады ўлады прапаноўваюць таксістам набываць па завоблачных коштах.
«Мы хочам заявіць уладам, што гэта толькі пачатак нашай кампаніі. Зараз мы ўжо сабралі каля 200 подпісаў таксістаў за адмену новых патрабаванняў: дакладна сказаць цяжка, бо падпісныя лісты ходзяць па руках. Да нас будуць далучацца таксісты з Нясвіжу, а, магчыма, і з Менску», – тлумачыць адзін з ініцыятараў, актывіст БХД Сяргей Верамеенка.
Прыкладна праз 20 хвілін ад пачатку акцыі да таксістаў з паперамі падбег чалавек з маленькай лічбавай камерай у руцэ – ужо добра вядомы гарадзенцам старэйшы лейтэнант МУС Аляксей Вайцешка, які прысутнічае на большасці пратэставых акцыяў у Горадні.
На пытанні, хто ён такі і для каго здымае, міліцыянт адказваў толькі, што ён «незалежны», магчыма, маючы на ўвазе прыналежнасць да незалежных СМІ. Прынамсі, адказу на пытанні ад чаго ён «незалежны», таксісты так і не пачулі.
Напрыканцы акцыі Сяргей Верамеенка сказаў яшчэ некалькі словаў наконт распаўсюджанай у грамадстве думкі, маўляў, таксісты «зарабляюць шмат» ды «не хочуць працаваць»:
«Самы просты прыклад: да мяне звярнуўся мой аднакурснік, былы прадпрымальнік, які застаўся без працы. Пытаецца: Што рабіць? Ён мае неблагі «Mercedes» і хоча паехаць «патаксаваць». Чалавек паедзе, разаб’е сваю машыну, а калі прыйдзе час яе рэмантаваць – возьмецца за галаву… Але людзі кідаюцца зараз куды заўгодна, абы падзарабіць хоць троху».
Таксісты плануюць ладзіць падобныя сустрэчы ў наступныя панядзелкі ды збіраць подпісы.