Менчукі патрабуюць праўды аб экалагічнай катастрофе ў Заслаўі
У Камітэт дзяржкантролю, Мінскае абласное ўпраўленне МНС і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і УП «Менсквадаканал» накіраваныя электронныя звароты ў сувязі забруджваннем 25 сакавіка ў Заслаўі нафтапрадуктамі вадацёку Вілейска-Мінскай сістэмы – адзінай воднай артэрыі, якая сілкуе тры раёны сталіцы вадаправоднай вадой.
«Уцечка адбылася на тэрыторыі ТАА “Транспартна-складскі комплекс Еўразія”; па нашых звестках – пры перапампоўванні аўтамабільнага алею з цыстэрны. Алей патрапіў у ліўневую сістэму і ручай, якія маюць злучэнне з каналам», – адзначае ініцыятар звароту, адказны сакратар аргкамітэту БХД, лідар кампаніі «Наша Кунцаўшчына» Дзяніс Садоўскі.
Па сведчанні мясцовых жыхароў, адзначае ён, забруджаная алеямі ўся прылеглая да прадпрыемства тэрыторыя. Называюць лічбу ў 30 тон нафтапрадуктаў, якія выліліся.
У сувязі з гэтым Дзяніс Садоўскі просіць растлумачыць, колькі ж тон аўтамабільнага масла на самай справе бескантрольна выцекла з цыстэрны і з якім парушэннем гэта звязана. Ці не пагоршылася з-за аварыі і так вельмі нізкая якасць вадаправоднай вады ў кватэрах мінчан.
Прадстаўнікоў названых ведамстваў таксама просяць паведаміць, ці адпавядае месцазнаходжанне складскіх памяшканняў ТАА “Транспартна-складскі комплекс Еўразія” існуючым нарматывам экалагічнай бяспекі, якая шкода была нанесена прыроднаму асяроддзю і яго біялагічнай разнастайнасці і ці пакрые прадпрыемства матэрыяльную шкоду, звязаную з ліквідацыяй забруджвання, а таксама ці існуе належны кантроль за хімічным прадпрыемствам з боку прыродаахоўнай інспекцыі Мінскага раёна, а за станам Мінска-Вілейскай воднай сістэмы – з боку Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Таксама аўтары звароту просяць прыняць меры для недапушчэння падобных здарэнняў у будучыні.
Нагадаем, што БХД і ініцыятыва «Наша Кунцаўшчына» праводзяць кампанію «За чыстую ваду». Падпісацца ў падтрымку кампаніі можна на сайце zvarot.by.