Наталля Бордак: “Добры сусед той, які жыве праз плот”
Грамадская актывістка і мастак, сябра БХД Наталля Бордак далучылася да акцыі Маладога Фронту, прымеркаванай да так званага “дня яднання” народаў Беларусі і Расеі 2 красавіка.
Прэсавая служба БХД звярнулася да спадарыні Наталлі па каментар наконт гэтай акцыі.
“Вядома, добры сусед – той, які жыве праз плот. А не ў суседнім пакоі тваёй хаты, прэтэндуючы на тваю тэрыторыю.
Адным з лозунгаў нашай акцыі быў: “Не – саюзу з бандай”. ” Банда” – трапная характарыстыка для сённяшняй расейскай улады, нахабна ігнаруючай любыя нормы міжнароднага права. Як яшчэ назваць Пуціна і яго атачэнне пасля апублікаваных фактаў адмывання грошай у афшорах?
Тысячы забітых мірных жыхароў Украіны, Грузіі, Чэчні, Малдовы, Сірыі… Цяпер і Нагорны Карабах палае зноў. Расея – гэта вайна і гора для краін-суседзяў. Не варта падманываць сябе: не браты яны нам, і ніколі імі не былі”, – заявіла актывістка.
У акцыіі супраць расейскага імперыялізму разам з маладафронтаўцамі таксама ўзяла ўдзел і грамадская актывістка Ніна Багінская. Яна трымала плакат з надпісам: “Інтэграцыя—труна”.
Агулам перад расейскай амбасадай сабраліся 12 пікетоўцаў з лозунгамі: “Саюз з агрэсарам=вайна”, “Путло—акупант”, “Путлера—у Гаагу!” “Пуцін—забойца”, “Не—саюзу з бандай”, “Свабоду—Саўчанцы, Сенцову, Кольчанку!”
Падчас правядзення акцыі амаль на ўсіх удзельнікаў былі састаўленыя адміністратыўныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП Беларусі (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).