Павел Пракаповіч: У Маладзечанскім райвыканкаме працуюць злачынцы

08 красавіка 2016 09:17  |  Галоўныя навіны

Павел Пракаповіч: У Маладзечанскім райвыканкаме працуюць злачынцы

1 красавіка ў будынку Гарадзілаўскага сельсавета ў аграгарадку Беразінскае прайшло грамадскае абмеркаванне Справаздачы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага свінакомплекса ля вёскі Соўлава Маладзечанскага раёна.

Напрыканцы працоўнага дня ў невялікае памяшканне сельсавета ў “дабравольным парадку” былі запрошаны мясцовыя дзяржслужачыя. Ці патлумачылі ім папярэдне, наколькі гучна дазваляецца абмяркоўваць, невядома. Але з самага пачатку папярэдзілі: “увага, нашае мерапрыемства запісваецца на аўдыё і відэа”.

Падчас абмеркавання неабыякавыя жыхары Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў і грамадскія актывісты патрабавалі спыніць будаўніцтва неэкалагічных свінакомплексаў.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі аргкамітэта БХД, партыі “Зялёныя”, грамадскага аб’яднання “ЭКОДОМ”, ПЦ “Вясна” і іншыя.

“Тое, што адбываецца вакол будаўніцтва свінакомплексаў – сапраўднае бязмежжа. Людзей не слухаюць і толькі нахабна сцвярджаюць, што ўсё вырашана. Вялікія свінакомплексы-монстры, прыкладаў якіх раней не існавала ў нашай краіне, будуюць, не зважаючы на экалагічныя нормы і пратэсты мясцовага насельніцтва. Пабудавалі ў Пяршаях; няспынна, не прыпыняючы будаўніцтва на розныя абмеркаванні, будуюць ля Соўлава; а цяпер, як стала вядома 2 красавіка, новы свінакомплекс на сто тысяч галоў плануюць пабудаваць у раёне Палачан. Такім чынам, у рэгіёне будуць размешчаны адразу тры свінакомплексы на 100 тысяч галоў кожны! І пабудаваны гэтыя свінакомплексы будуць па застарэлых тэхналогіях, небяспечных для навакольнага асяроддзя і здароўя грамадзян,” – адзначыў каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч.

Па інфармацыі, размешчанай на сайце Валожынскага райвыканкама, тэрміны правядзення грамадскіх абмеркаванняў і прадстаўлення заўваг па свінакомплексу ля Соўлава – з 26 лютага 26 сакавіка .

Нягледзячы на гэта, акурат пасярэдзіне грамадскіх абмеркаванняў – 9 сакавіка, Маладзечанскі райвыканкам прыняў рашэнне № 173 “Аб дазволе будаўніцтва аб’екта”, нахабна перакрэсліўшы грамадскія абмеркаванні.

“Заканадаўства мы не парушылі. Калі хто лічыць, што парушылі, няхай юрыдычна мне абгрунтуе”, – такую заяву зрабіў намеснік старшыні маладзечанскага райвыканкаму Генадзь Актанаровіч.

14 снежня 1999 Лукашэнка падпісаў Указ № 726 “Аб зацвярджэнні Канвенцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя” А 30 кастрычніка 2001 гэта канвенцыя, Орхуская канвенцыя, уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь. Менавіта яе парушыў Маладзечанскі райвыканкамам.

“Каму спатрэбілася будаваць такія вялікія свінакомплексы, адзінай мэтай якіх з’яўляецца максімізацыя прыбытку? З такімі свінагадоўчымі комплексамі праз 5 гадоў у Маладзечанскім раёне немагчыма будзе жыць. Ці патрэбна будзе тая свінагадоўля, калі мы знішчым навакольнае асяроддзе рэгіёна? Хто дазволіў інвестарам будаваць свінакомплексы-монстры, не звяртаючы ўвагі на экалагічныя нормы? Такіх інвестараў трэба гнаць у шыю з Беларусі. У Маладзечанскім райвыканкаме працуюць злачынцы. Я ўпэўнены, што і Лукашэнка добра ведае, па якіх экалагічных стандартах і з якой рэнтабельнасцю будуюцца аб’екты, таму адказнасць за будаўніцтва неэкалагічных свінакомплексаў мусіць несці асабіста Лукашэнка”, – заявіў Павел Пракаповіч.

Болей навін