У Менск жадаюць вярнуць помнік Сталіну
У Беларусі прадстаўнікі левых сіл пачалі збор сродкаў для ўсталявання помніка Іосіфу Сталіну ў Менску, паведаміў сакратар рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “За Саюз і камуністычную партыю Саюза” Леанід Школьнікаў.
“СКПС” у 130-годдзе са дня нараджэння Іосіфа Сталіна пачало добраахвотны збор сродкаў на помнік, які трэба ўсталяваць у Менску”, – заявіў Школьнікаў. Але мала хто з такой ідэяй згаджаецца.
Начальнік кіравання па гісторыка-культурнай спадчыне і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі заявіў, што не вітае ідэю ўсталявання помніка Сталіну ў Менску: “Гэтая постаць неадназначная і супярэчлівая. Для таго каб усталяваць любы помнік, а тым больш такі, патрэбна гістарычная абгрунтаванасць”.
Пры гэтым ён адзначыў, што пытанне ўсталявання помнікаў не ляжыць у кампетэнцыі грамадскіх аб’яднанняў: “Ёсць пастанова Рады міністраў, датычнае манументальных аб’ектаў, у адпаведнасці з якім пытанне аб усталяванні помнікаў, манументаў вырашаецца, альбо на рэспубліканскім узроўні, альбо на ўзроўні горада”.
Помнік Сталіну ўжо стаяў калісьці ў Менску. І не адзін: дзесяціметровы – на Кастрычніцкай, тады Цэнтральнай, плошчы, у парку Горкага і ля уваходу ў бібліятэку імя .
На Кастрычніцкай плошчы помнік Сталіну ўрачыста адкрылі 21 верасня 1952 года – гэта значыць, яшчэ пры жыцці Сталіна. Дэмантавалі ў 1963. Манумент быў вельмі трывала замацаваны – падмурак сыходзіў на 6 метраў пад пляц. Сцягвалі помнік цягачамі. Пастамент прыйшлося падарваць і вывозіць кавалкамі. Што зрабілі з помнікам невядома – ці то пераплавілі, ці то закапалі пад Менскам.