Пададзеная заяўка на акцыю “Чарнобыльскі шлях”

08 красавіка 2016 15:11  |  Галоўныя навіны

Пададзеная заяўка на акцыю “Чарнобыльскі шлях”

8 красавіка была пададзеная заяўка на правядзенне 26 красавіка акцыі “Чарнобыльскі шлях”. У ініцыятыўную групу па правядзенні дэманстрацыі і мітынгу з нагоды трыццатай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС увайшлі аргкамітэт Партыі БХД, Партыя БНФ, Партыя “Зялёныя”, Аб’яднаная грамадзянскай партыя, Рух “За Свабоду” ды іншыя.

Ад БХД заяўку падпісалі сустаршыня Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі. Паводле яе, збор удзельнікаў плануецца а 18:00 ля кінатэатру “Кастрычнік”, затым шэсце і мітынг каля Чарнобыльскай капліцы з ускладаннем кветак і запальваннем свечак.

Таксама ў рамках падрыхтоўкі да адзначэння 30-годдзя аварыі на ЧАЭС запланаванае правядзенне дзвюх канферэнцый і паездка сябраў аргкамітэту ў чарнобыльскія рэгіёны.

“Я заклікаю ўсіх далучыцца да правядзення шляху. Сёлета мы адзначаем 30 гадоў з дня Чарнобыльскай катастрофы і 30 гадоў злачыннай палітыкі ўладаў, якія атручваюць беларусаў радыяцыяй, засейваюць забруджаныя тэрыторыі. Мы заклікаем актывістаў браць пробы ворнай зямлі, каб пасля рабіць яе аналіз. Бо тое, што дазіметры не паказваюць радыяцыю ў паветры, азначае толькі тое, што ідзе назапашванне радыяцыі ў глебе і прадуктах харчавання, якія разыходзяцца па ўсёй Беларусі. Наступствы гэтага – анкалогія, хваробы і смерці дзясяткаў тысяч беларусаў. Гэтую злачынную палітыку мы павінны спыніць”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін