Вольга Кавалькова: мы не дамо ўладам замоўчваць сітуацыю з ужываннем алкаголю (фота)
Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі распачалі збор подпісаў у падтрымку кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” ў мінскім мікрараёне Каменная Горка.
Прапановы БХД у гэтай сферы прадугледжваюць дазвол на продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва толькі з 10:00 да 22:00, забарону продажу алкаголю на аўтазапраўках і выключэнне яго з катэгорыі харчовых прадуктаў. Таксама прапануецца дазволіць продаж алкаголю толькі ў спецыялізаваных крамах і аддзелах крамаў, якія маюць асобны ўваход, ды забараніць у перыяд галасавання продаж алкаголю ў будынках, дзе знаходзяцца выбарчыя камісіі, а таксама на адлегласці 500 метраў ад іх.
«Наша краіна лідзіруе ў свеце па ужыванні алкаголю, а ўлада працягвае гэта замоўчваць і не робіць нічога, каб выправіць сітуацыю”, – адзначыла ў каментары прэс-службе БХД каардынатар кампаніі Вольга Кавалькова.
Яна падкрэсліла, што ў Каменнай Горцы з аднаго боку амаль на кожным куце крама, а з другога – недахоп дзіцячых садкоў, паліклінікі і поўная адсутнасць месцаў, дзе можна бавіць час сем’ям з дзецьмі.
“У генплане есць сквер, але нікому не зразумела, калі пачнуць яго рабіць. Дзяржаве акрамя крамаў няма чаго прапанаваць маладым сем’ям у гэтым раёне. Алкаголь прадаецца на касах, на запраўках, яго рэкламуюць па тэлебачанні, ім зацікаўліваюць людзей прыйсці на выбарчыя участкі. Для прыкладу у Нарвегіі у дзень выбараў алкаголь увогуле не прадаецца. Там улада пасля таго, як пачала пагаршацца сітуацыя з ужываннем алкаголю, пачала уводзіць абмежавальныя меры. А што мы бачым у Беларусі? Замест таго, каб абараняць беларускую нацыю ад алкагалізацыі, улады робяць усё, каб людзі ужывалі болей і болей. Мы плануем сустрэчы з чыноўнікамі і так званымі дэпутатамі, каб запытацца, што яны робяць, каб абараніць беларусаў і забяспечыць ім месцы для адпачынку з дзецьмі”, – паведаміла Вольга Кавалькова.