Сябры БХД прыбралі закінутыя магілы на Вайсковых могілках у Менску (фота)
Група актывістаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі правяла акцыю па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак, што на вуліцы Казлова ў Менску, з мэтай ушанавання памяці выбітных сыноў Бацькаўшчыны.
Арганізатар акцыі, пісьменніца Галіна Каржанеўская распавяла: “Трэба зазначыць, што тэрыторыя могілак сёння знаходзіцца ў някепскім стане. Год таму старая частка ўся была ў смецці. Засталіся непрыбранымі даўнія – даваеннага часу і перыяду акупацыі – магілкі, якія намечаны пад знос і пазначаны адпаведнымі пісьмовымі папярэджаннямі. Вось гэтымі магілкамі мы і заняліся”.
У Вайсковых могілак даўняя гісторыя. На іх хавалі яшчэ царскіх салдат, памерлых у гарадскім шпіталі. Аляксандра-Неўская царква таксама адна са старэйшых у Мінску. Мала хто ведае, што ў яе патрапіла бомба з першага фашысцкага налёту. І не ўзарвалася. 28 чэрвеня 1941 года са святыні сарвалі замок, і адбылася – пасля доўга перапынку – літургія. На могілках таксама пахаваны першы прэзідэнт Акадэміі навук БСССР Усевалад Ігнатоўскі, старшыня ураду Аляксандр Чарвякоў, што застрэліўся ва ўласным кабінеце, паэты і празаікі Кузьма Чорны, Паўлюк Трус, Алесь Гурло, Эдуард Самуйлёнак, Міхась Клімковіч, маці Янкі Купалы Бянігна Іванаўна Луцэвіч і іншыя.