Кіраўніцтва Менгарвыканкама адмовілася прымаць подпісы за паляпшэнне якасці вадаправоднай вады
Кіраўнік ініцыятывы “Наша Кунцаўшчына” і адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, які ўжо больш за пяць гадоў займаецца пытаннямі якасці вадаправоднай вады ў Менску, мусіў 13 красавіка сустрэцца з першым намеснікам старшыні Менгарвыканкаму Уладзімірам Кухаравым, каб высветліць, калі ж вадаправодная вада ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах будзе пераведзеная на артэзіянскія крыніцы. Зрабіць гэта ўлады абяцалі яшчэ ў 2014 годзе, але потым увесь час пераносілі тэрміны.
Запісацца да яго на прыём атрымалася толькі пасля пяці тэлефанаванняў і двух візітаў у Менгарвыканкам па гэтым пытанні, але 13 красавіка “высветлілася”, што Дзяніса Садоўскага ў спісах на прыём няма і ніхто з ім размаўляць не будзе.
“Я хацеў запытаць, куды зніклі грошы на перавод вадаправоднай вады, якія вылучаліся больш чым пяць гадоў, і чаму дзеля будаўніцтва камерцыйных будынкаў зачыняюцца ўжо распрацаваныя артэзіянскія свідравіны, а не перанакіроўваюцца гэтыя водныя рэсурсы для праблемных раёнаў. Але нават задаць гэтыя пытанні мне не далі. Падчас сустрэчы таксама планавалася перадаць каля 500 подпісаў менчукоў з патрабаваннямі адказу на гэтыя пытанні. Аднак іх адмовіліся прыняць”, – адзначыў у каментары прэсавай службе БХД Дзяніс Садоўскі.
“Відавочна, што ўладам няма што адказаць. Яны нахабна хаваюцца за сваімі сакратарамі і кабінетамі, а грошы проста знікаюць і адказнасць за гэта несці ніхто не хоча. Тым не менш, мы працягваем нашу кампанію і збор подпісаў пад нашымі патрабаваннямі. Мы будзем і надалей дамагацца ад чыноўнікаў адказу на пытанні, якія хвалююць менчукоў”, – падкрэсліў ён.
Нагадаем, у інтэрнэце пачаўся анлайн-збор подпісаў “За чыстую ваду”. Збор праходзіць на платформе Zvarot.by, на якой кожны пастаўлены подпіс мае юрыдычную значнасць.