Алег Аксёнаў: якасць медыцынскіх паслуг можна ўзвысіць за кошт увядзення страхавой медыцыны

20 красавіка 2016 12:29  |  Грамадства

Алег Аксёнаў: якасць медыцынскіх паслуг можна ўзвысіць за кошт увядзення страхавой медыцыны

Сваё бачанне развіцця айчыннай медыцыны прадставіў аргкамітэт партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Ужо амаль месяц яе сябры збіраюць подпісы пад калектыўным зваротам у шэраг інстанцый з прапановамі як палепшыць якасць медыцынскіх паслуг. У чым сутнасць гэтых прапаноў і як ідзе збор подпісаў, нам распавёў сябра БХД Алег Аксёнаў.

Лекары кажуць, што многіх праблем са здароўем можна было б пазбегнуць, каб самі людзі больш уважліва ставіліся да свайго здароўя. Ці згодны вы з гэтым?

Многія беларусы сапраўды легкадумна адносяцца да свайго здароўя. Я лічу, што варта больш увагі надаваць гэтаму пытанню праз выхаванне ў сям’і. Тым не менш і дзяржава стварае негатыўны фон і ўмовы, якія не спрыяюць здароваму ладу жыцця. Ужо колькі год у рамках кампаніі “Абаронім дзяцей ад алкаголю” мы змагаемся за заканадаўчую забарону рэкламы і абмежаванне продажу алкаголю. За гэтыя гады больш за 30 тыс. грамадзян па краіне паставілі свае подпісы пад прапановамі хрысціянскіх дэмакратаў. Да нашай антыалкагольнай кампаніі ў Магілёве далучыліся дзясяткі актывістаў і валанцёраў.

Ці дастаткова ўвагі надаецца медыцыне на дзяржаўным узроўні?

Аб увазе да здароўя беларускіх уладаў кажа той факт, што толькі каля 4% валавага ўнутранага прадукту (ВУП) выдзяляецца беларускай дзяржавай на ахову здароўя. У суседніх з Беларуссю краінах выдаткоўваецца больш за 5%, а ў развітых дэмакратычных краінах каля 10% ВУП.

Якія падставы сёння вы бачыце для правядзення рэформы ў сферы медыцынскіх паслуг?

Я і іншыя сябры хрысціянскай дэмакратычнай партыі прыйшлі да высновы, што існуючая сістэма аховы здароўя не адпавядае патрабаванням грамадства. Аб гэтым яскрава сведчаць сотні подпісаў магілёўцаў пад нашымі прапановамі аб яе рэфармаванні ў рамках кампаніі “Медыцына для чалавека, а не для дзяржавы”.

Дыфіцыт вузкіх спацыялістаў, нізкі ўзровень дыягностыкі, пашырэнне спісу платных паслуг у дзяржаўных медустановах, чэргі да лекараў агульнай практыкі, нізкія заробкі і, як следства, невысокая якасць паслуг, недахоп якаснага абсталявання – вось далёка не поўны пералік недахопаў, якія заўважылі мы і на якія скардзяцца магілёўцы.

Ці не ёсць гэта другі бок нашай бясплатнай медыцыны?

У Беларусі няма бясплатнай медыцыны. Мы ўсе плацім па некалькі разоў за адну і тую ж паслугу. Спярша ў нас, грамадзян краіны, бяруцца падаткі ў дзяржаўны бюджэт, з якога сродкі накіроўваюцца на фінансаванне сістэмы аховы здароўя. Для таго, каб лекары зрабілі якасна аперацыю ці абследаванне, зноў жа трэба заплаціць. Колькасць платных паслуг увесь час павялічваецца.

На гэтым этапе хрысціянскія дэмакраты прапануюць адмяніць платныя паслугі ў дзяржаўных устрановах аховы здароўя. Гэта будзе спрыяць эфектыўнаму выкарыстанню медабсталявання і часу лекараў. Замест гэтага трэба стварыць асобныя дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя на гаспадарча-разліковай аснове.

Варта таксама забяспечыць роўныя ўмовы дзейнасці для дзяржаўных і прыватных медыцынскіх цэнтраў. Гэта прывядзе да зняцца праблем чэргаў за кошт тых, хто мае грошы для аплаты медыцынскіх паслуг.

Як вы плануеце павысіць якасць медыцыны?

Мы прапануем увесці абавязковае медыцынскае страхаванне грамадзян у дадатак да бюджэтнага фінансавання сістэмы аховы здароўя. Медыцынскае страхаванне павінна забяспечвацца за кошт сродкаў дзяржавы і прадпрыемстваў. Гэта значыць, дзяржава або прадпрыемства размяшчае на рахунак кожнага грамадзяніна краіны «страхавую» суму. Чалавек самастойна можа абіраць лекара і аплочваць са сваёй страхоўкі яго паслугі. Страхавая медыцына ў разы палепшыць якасць і эфектыўнасць медыцынскага абслугоўвання для чалавека. Гэтыя меры таксама вывядуць на годны ўзровень заробкі і павялічаць адказнасць лекараў.

Таксама варта скараціць адміністрацыйны, бюракратычны апарат у сістэме аховы здароўя, спрасціць дакументазварот. Да 30% лекараў з вышэйшай медычнай адукацыяй не займаюцца лячэннем людзей.

Колькі грошай спатрэбіцца на такую рэформу і адкуль іх браць?

Для разліку сродкаў на рэформу трэба спярша дамовіцца, якой мы бачым сістэму ў будучым, прыйсці да кансэнсуса ў грамадстве. Мы прапануем у якасці дадатковых крыніц фінансавання рэформы стварыць дзяржаўны медыцынскі фонд абавязковага страхавання. На яго рахунак павінны ісці сродкі ад абароту спіртных напояў, тытунёвых вырабаў, гульнявога бізнесу, штрафаў за экалагічныя парушэнні.

Хто павінны быць ініцыятарам такой рэформы? Улада, народ ці самі медыцынскія ўстановы?

Пры распрацоўцы прапаноў па рэфармаванню сістэмы аховы здароўя мы выкарыстоўвалі досьвед нашых нямецкіх і нарвежскіх калегаў – хрысціянскіх дэмакратаў Германіі і Нарвегіі. Мы ўлічвалі і рэкамендацыі беларускіх спецыялістаў у сферы аховы здароўя. Менавіта страхавая медыцына, магчыма і з элементамі бюджэтнага фінансавання, здольная істотна палепшыць медыцынскае абслугоўванне грамадзян, павялічыць адказнасць лекараў, заробкі медперсанала і дактароў.

Мы бачым, што насуперак патрабаванням грамадства ўлада не жадае нічога мяняць у існуючай сістэме аховы здароўя. Менавіта таму мы, хрысціянскія дэмакраты, ужо зараз займаемся распрацоўкай дакументаў па яе рэфармаванні і праводзім кампаніі, каб падрыхтаваць глебу да зменаў. Мы павінны быць гатовыя да таго моманту, калі народ адмовіць сённяшнім чыноўнікам у праве кіраваць дзяржавай. Як хрысціянскія дэмакраты, мы ўжо зараз маем рэфармацыйны пакет для рашучай змены існуючай эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай сістэмы. Мы гатовыя заняць месца ў кіраўніцтве дзяржавы і ў мясцовых органах улады. Для таго, каб паскорыць гэтыя змены, просім таксама далучацца да хрысціянскіх дэмакратаў і падтрымліваць нашыя кампаніі.

Наш Магілёў

Болей навін