Яўген Анішчанка: мы двойчы аплачваем “бясплатную медыцыну” – падаткамі і пры наведванні “платнага лекара” (відэа)

20 красавіка 2016 14:05  |  Галоўныя навіны

Яўген Анішчанка: мы двойчы аплачваем "бясплатную медыцыну" - падаткамі і пры наведванні "платнага лекара" (відэа)

У Оршы актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі працягваюць збор подпісаў пад зваротам да ўладаў краіны за якаснае медыцынскае абслугоўванне. Актывісты таксама вырашылі даведацца, як ідуць справы з “бясплатнай медыцынай”. Чыноўнікі кажуць, што сістэма аховы здароўя Беларусі заснавана на выкананні прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, а жыхары горада кажуць, што ў нас даўно няма бясплатнай медыцыны.

Распавядае каардынатар БХД у Оршы Яўген Анішчанка:

“Мы вырашылі паглядзець, як ідуць справы ў Оршы з” бясплатнай медыцынай “на прыкладзе лекара-афтальмолага, тым больш што ў горадзе знаходзіцца філіял УП «Элект” ГА БелТІЗ (Беларускага таварыства інвалідаў па зроку). Звяртаемся у паліклініку №1 – запіс на прыём да ўрача больш чым праз месяц. У канцы размовы нам у рэгістратуры даюць нумар “чароўнага тэлефона», які дапаможа нам патрапіць на прыём да доктара.

Паліклініка №2 – лекара афтальмолага няма і гэта ў паліклініцы, якая абслугоўвае тры мікрараёны (каля 40 тыс. чалавек), у рэгістратуры нам зноў даюць нумар “чароўнага тэлефона”.

Паліклініка №3 – запіс на 25 траўня і нумар тэлефона. Паліклініка №4 горада Барань – лекара няма, прыём вядзе медсястра і, як сказалі ў рэгістратуры, “яна вырашыць усе вашы праблемы”. Ну можа ў дзіцячай паліклінікі сітуацыя лепей? Дзіцячая паліклініка №1 – запіс на травень і нумар тэлефона.

У паліклініках каля рэгістратуры заўсёды ёсць стэнд з інфармацыяй аб платных паслугах, і з кожным годам яны павялічваюцца ў памерах. Патэлефанаваўшы па “чароўным нумары”, мы запісаліся на прыём да афтальмолага на наступны дзень, але прыём платны. Тэлефон прызначаны для запісу на аказанне платных медыцынскіх паслуг у УАЗ “Аршанская цэнтральная паліклініка”».

«Вось і атрымліваецца, што мы двойчы аплачваем «бясплатную медыцынскую дапамогу” – першы раз аплаціўшы падаткі, другі пры наведванні “платнага лекара” ў дзяржаўнай установе аховы здароўя», – адзначыў каардынатар.

Ён таксама нагадаў, што беларускае заканадаўства гарантуе пацыентам бясплатную медыцынскую дапамогу ў дзяржустановах аховы здароўя, выбар лекара і арганізацыі аховы здароўя, удзел у выбары метадаў аказання медыцынскай дапамогі.

Болей навін