З ініцыятывы Паўла Севярынца створаны камітэт “Свабоду Эдуарду Пальчысу!”

21 красавіка 2016 09:19  |  Галоўныя навіны

З ініцыятывы Паўла Севярынца створаны камітэт "Свабоду Эдуарду Пальчысу!"

Створаны грамадскі камітэт па вызваленні затрыманага ў Расіі заснавальніка сайта 1863x.com, вядомага пад псеўданімам Джон Сільвер.

Аб стварэнні грамадзянскай ініцыятывы “Свабоду Эдуарду Пальчысу» было абвешчана на круглым стале 20 красавіка ў Мінску, паведамляе БелаПАН.

Некалькі дзён назад стала вядома аб тым, што грамадзянін Беларусі Эдуард Пальчыс, стваральнік сайта 1863x.com, знаходзіцца ў турме Бранска – пра гэта паведаміла расійскае выданне «Спутник и погром» («СиП»). У артыкуле «Як этнічны паляк дапамагаў беларусам будаваць антырускі нацыяналізм: павучальная гісторыя», у прыватнасці, адзначалася: «Заснавальнік галоўнага русафобскага рэсурсу экс-БССР – 25-гадовы ўраджэнец заходнебеларускага горада Ліда, практыкуючы каталік, этнічны паляк Эдуард Аляксандравіч Пальчыс. У Расею Пальчыс паехаў … у пошуках працы. Не змог атрымаць на Украіне палітычны прытулак».

Па інфармацыі «СиП», беларус быў затрыманы 23 студзеня гэтага года ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расійска-ўкраінскай мяжы. Аўтар артыкула сцвярджае, што Пальчыса альбо экстрадуюць у Беларусь, дзе ў дачыненні да яго распачата крымінальная справа за распальванне нацыянальнай варожасці і распаўсюд парнаграфіі, альбо будуць судзіць у Расіі па артыкуле 282 Крымінальнага кодэкса (распальванне нянавісці альбо варожасці, а роўна зневажэнне чалавечай годнасці) за дзве публікацыі – «Крэмль павінен быць разбураны» і «Як забіць рускі свет» (абодва матэрыялы ўжо выдаленыя з сайта 1863x.com).

У камітэт «Свабоду Эдуарду Пальчысу» ўвайшлі больш за дзясятак чалавек, у ліку якіх – сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, лідар моладзевай арганізацыі «Альтэрнатыва» (Латвія) Алег Корбан, сустаршыня моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія ) Дзмітрый Дашкевіч, старшыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, праваабаронца Валер Шчукін, грамадскія актывісты Вольга Нікалайчык, Наталля Басалыга, Дзмітрый Захарэвіч, кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і іншыя.

Камітэт плануе звязацца з расійскімі праваабаронцамі, каб паспрабаваць наладзіць кантакт з адвакатам Пальчыса, мець магчымасць пасылаць яму лісты. Акрамя таго, будзе падрыхтаваны зварот у МУС РФ з пытаннем, ці мае расійскі бок прэтэнзіі да Пальчыса.

Актывісты камітэта таксама маюць намер звярнуцца ў МЗС Беларусі і беларускую Генпракуратуру, каб высветліць акалічнасці затрымання Пальчыса ў Расіі, а таксама даведацца, калі ён можа быць экстрадаваны на радзіму. Адначасова плануецца накіраваць зварот у амбасаду Беларусі ў РФ з просьбай прадаставіць затрыманаму консульскую дапамогу.

Каб падняць пытанне аб сітуацыі з Пальчысам на міжнародным узроўні, актывісты камітэта маюць намер перадаць інфармацыю аб тым, што здарылася ў АБСЕ і Савет Еўропы. Для таго, каб пра гэтую гісторыю даведалася як мага больш людзей у Беларусі, яны збіраюцца расклеіць па Мінску налепкі з адрасам сайта 1863x.com.

Акрамя гэтага, камітэт мае намер арганізаваць сустрэчу гісторыкаў, якія маглі б з прафесійнага пункту гледжання ацаніць інфармацыю, якую публікаваў у сваіх артыкулах Пальчыс.

Актывісты ініцыятывы ўжо пачалі збор сродкаў для вырабу інфармацыйнай прадукцыі, прысвечанай Джону Сільверу. З партрэтамі Эдуарда Пальчыса яны маюць намер выйсці 26 красавіка на “Чарнобыльскі шлях”. Камітэт таксама збіраецца арганізаваць 28 красавіка ў Мінску вечар салідарнасці з затрыманым суайчыннікам.

1 сакавіка Следчы камітэт Беларусі афіцыйна пацвердзіў наяўнасць крымінальнай справы па факце размяшчэння публікацый на сайце 1863x.com. Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, Следчым камітэтам распачата і расследуецца справа па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) КК.

Сайт 1863х.com быў створаны каля паўтары гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расеі. Стваральнік сайта вёў яе на ўмовах поўнай ананімнасці.

Болей навін