Гомельскія актывісты БХД патрабуюць грамадзкага абмеркаваньня рэканструкцыі гарадзкіх вуліц (фота)
Грамадзкія актывісты стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” распачалі ў Гомелі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да мясцовых уладаў на правядзеньне грамадзкіх слуханьняў наконт рэканструкцыі гарадзкіх вуліц.
“Мы ўжо маем сумны досьвед рэканструкцыі вуліцы Кірава, – тлумачыць прадстаўнік БХД у рэгіёне Аляксандар Шарыпаў. – Тут зьнішчылі паабапал усе дрэвы, нарабілі колавых разьвязак, якія двойчы перараблялі. На дадатак наставілі агароджы. Пешаходам трэба крочыць сотні мэтраў, каб перайсьці вуліцу з аднаго на іншы бок. Цяпер гарвыканкам зьбіраецца рабіць тры падземныя пераходы на плошчы Леніна і пашыраць вуліцы Інтэрнацыянальную ды Пралетарскую, дзе нямала гістарычных будынкаў”.
Аляксандр лічыць, што гарвыканкам мусіць патлумачыць, што выйграюць гараджане і зь якімі праблемамі сутыкнуцца ў выніку такой рэканструкцыі.
“Магчыма, машынам і лепей, хаця менавіта на гэтых колах і здараюцца даволі часта аварыі, – апавядае кабета ў гадах, якая адной з першых паставіла свой подпіс за правядзеньне грамадзкіх слуханьняў.– А пешаходы вакол гэты колаў ходзяць кругамі ды зыгзагамі”.
Гараджанка не ўяўляе, як маці з дзіцячымі каляскамі альбо старыя будуць спускацца ў падземны пераход, каб дабрацца ў парк па-над Сожам.”
Яшчэ адзін зборшчык подпісаў Аляксандар Гехт тлумачыць , што горад дзеля зьмяньшэньня транспартнай нагрузкі ў цэнтры не дабудаваў ніводнага транспартнага абходу – ані на ўсходзе, ані на захадзе.
“Чыноўнікі заяўляюць: каб далей рабіць той жа ўсходні транспартны абход, патрэбна каля 28 мільёнаў даляраў на будаўніцтва моста праз Сож. Такіх грошай, маўляў, у бюджэце няма. А на падземныя пераходы праз плошчу, якія агулам будуць каштаваць каля 15 мільёнаў, яны нібыта ёсьць. Дык ці ня лепей дабудаваць распачаты ўсходні траспартны абход, які зьвяжа Навабеліцкі раён з Валатавой і дапаможа разгрузіць цэнтар ад транзытнага транспарту?” – ставіць заканамернае пытаньне актывіст.
Сабраныя подпісы, як і патрабуе заканадаўства, хрысьціянскія дэмакраты накіруюць у гарвыканкам на рэагаваньне.