Віталь Рымашэўскі: Менгарвыканкам парушыў заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў

21 красавіка 2016 15:20  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: Менгарвыканкам парушыў заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў

Менгарвыканкам парушыў заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, паведаміў прэсавай службе БХД адзін з арганізатараў акцыі “Чарнобыльскі шлях”, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Па яго словах, да акцыі засталося пяць дзён, але гарадскія ўлады дагэтуль не паведамілі, ці дазволеная акцыя. Пры гэтым па заканадаўстве адказ павінен быць дадзены не менш чым за пяць дзён да даты правядзення масавага мерапрыемства. 20 красавіка чыноўнікі, адказныя за гэта, былі недасяжныя. А 21 красавіка яны заявілі, што ў сувязі з пасланнем Аляксандра Лукашэнкі адказ будзе не раней, чым пасля абеду 22 красавіка.

“Беларускія ўлады і так спрабуюць сарваць правядзенне мерапрыемстваў. Мяне і іншых замоўшчыкаў зараз выклікаюць у суд за тое, што мы размаўлялі з людзьмі на дазволеным месцы збору акцыі падчас арганізацыі дазволенага шэсця на Дзень Волі 25 сакавіка. А зараз яны зацягваюць з адказам, хоць маглі яго даць раней, чым за пяць дзён, каб была магчымасць падрыхтавацца, запрасіць людзей. Але зараз яны не выконваюць нават сваіх драконаўскіх законаў. Тым не менш, “Чарнобыльскі шлях” адбудзецца. Збор 26 красавіка а 18:00 на Акадэміі навук. Заклікаем усіх грамадзян, неабыякавых да лёсу Беларусі”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін