Марына Хоміч: дэпутаты павінны адказваць за свае абяцанні (фота)
Паводле абяцанняў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксея Кузьміча ў Мінску на месцы паміж вуліцамі Еўфрасінні Полацкай – Адоеўскага – Цімашэнкі – Прытыцкага павінна была паўстаць рэкрэацыйная зона адпачынку. Аднак, там нічога няма. Увесь абшар займае малады густы лясок, частку поля – гліняна-пясочныя месцы, якія падчас дажджу ператвараюцца ў непралазны бруд, адзначыла ў каментары прэс-службе БХД лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч.
Паводле яе, сам лясок неахайны і недагледжаны. Амаль паўсюдна ў глыбі забруджаны смеццем – месцамі вогнішчаў, шклянымі і пластыкавымі бутэлькамі, бытавым смеццем. Месцы п’янак змяшчаюцца амаль каля сцен сабору. Праз сам лес прайсці складана, бо шмат кустоў і маладых дрэваў. Частку “паркавай” пляцоўкі займае аўтастаянка, якая, хутчэй за ўсё будзе, пашырацца, бо побач новаўведзеныя шматпавярховыя дамы. Магчыма і сам лес будзе адданы пад забудову. Альбо шматкватэрнымі хатамі, альбо прыватнымі катэджамі, накшталт тых, што праз дарогу.
“На тым месцы, дзе дэпутат Аляксей Кузьміч абяцаў добраўпарадкаванне ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны – недобраўпарадкаваная тэрыторыя, лес, адным словам, які ператварылі ў месца пасядзелак і п’янак. І гэта ўлічваючы, што побач – знаходзіцца праваслаўная царква. Можа, спадар Кузьміч сам хацеў бы адпачыць у гэтай зоне? Здаецца, гэтае абяцанне ён і не збіраўся выконваць, як і шматлікія іншыя, напрыклад, стварэнне спрыяльных ўмоваў для развіцця малога бізнэсу; павелічэнне дзіцячых дапамог, пенсій, зніжэнне тарыфаў; павышэнне даступнасці і якасці медычнай дапамогі; павышэнне жыццёвага ўзроўню народу”, – адзначыла Марына Хоміч.
“Мы лічым, што дэпутаты павінны адказваць за свае словы і абяцанні, і даслалі яму запыт пра тое, што ён зрабіў на сваёй акрузе з моманту, як стаў дэпутатам у 2008 годзе”, – падкрэсліла яна.