Сябра БХД запрасіла да актыўнага ўдзелу ў кампаніі “У абарону жыцця” хрысціян Віцебска
У Віцебску працягваецца кампанія “У абарону жыцця”. Алёна Шабуня, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, запрасіла да актыўнага ўдзелу ў кампаніі хрысціян Віцебска. Яна перадала лісты са зваротам для збору подпісаў у хрысціянскія евангельскія цэрквы і касцёлы абласнога цэнтра.
Зараз Алёна Шабуня і каманда актывістаў збіраюць подпісы пад зваротам у Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства аховы здароўя, які заклікае ўлады разгледзець магчымасць увядзення забароны на правядзенне абортаў у Беларусі, акрамя выпадкаў, калі існуе пагроза здароўю і жыццю маці, паведамляе Vitebskby.com.
У звароце адзначана, што ў выпадку немагчымасці прыняць гэтую меру, прапануецца скараціць тэрмін для правядзення абортаў пры адсутнасці медыцынскіх паказчыкаў да шасці тыдняў (сёння – 12) і ўвесці абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падачы заявы аб жаданні зрабіць аборт і накіроўваць жанчын на псіхалагічнае кансультаванне з інфармаваннем пра этапы ўнутрычэраўнага развіцця дзіцяці і магчымых наступствах аборту.
Акрамя таго, прапануецца для замужняй жанчыны прадугледзець абавязковую пісьмовую згоду мужа на аборт, выключыць усе сацыяльныя паказанні для перапынення цяжарнасці і забараніць усе віды рэкламы абортаў.