Павел Пракаповіч: злоўжыванне алкаголем мае разбуральныя наступствы для душы, здароўя і сацыяльнага становішча чалавека (фота)
24 красавіка сябры БХД збіралі подпісы жыхароў Маладзечна пад зваротам да ўладаў з патрабаваннямі прыняць канкрэтныя абмежавальныя меры ў дачыненні да алкагольнай прадукцыі. Маладзечанцы, асабліва моладзь, з гатоўнасцю і энтузіязмам ставілі свае подпісы ў абарону сям’і і дзяцей ад алкаголю, адзначыў каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч.
“Разбуральнае уздзеянне перажываюць ўсе, хто знаходзіцца побач з чалавекам, які злоўжывае алкаголем. На працы такога чалавека звычайна не трымаюць, а жыццё родных алкаголіка часта ператвараецца ў бясконцы жах. Асабліва пакутуюць дзеці. Страх, стрэс, псіхалагічныя траўмы, сорам – звычайныя спадарожнікі дзяцей алкаголікаў, пакуль яны знаходзяцца ў сям’і.
Падобна таму, як кожны дарослы чалавек павінен несці адказнасць за свае паводзіны і сваю сям’ю, дзяржава павінна несці адказнасць за здароўе сваіх грамадзян. Клопат пра здароўе краіны – гэта абавязак сумленных уладаў”, – падкрэсліў ён.