У Віцебску за ўдзельнікамі акцыі памяці ахвяраў аварыі на ЧАЭС пільна сачылі “таптуны” (фота)
26 красавіка ў Віцебску адбылася жалобная імпрэза з нагоды 30-х угодак Чарнобыльскай катастрофы. Гэтым разам да штогадовага мітынгу на беразе Дзвіны далучыліся абласныя ўлады.
Пачалася імпрэза ва Успенскім саборы урачыстым спевам хору епархіяльнай вучэльні, выступам старшыні аблсавету Уладзіміра Цярэнцьева, ліквідатараў Анатоля Гнеўкі ды іншых.
Пасля прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці правялі кароткі мітынг каля крыжа святой Еўфрасінні Полацкай, запалілі памінальную знічку, а потым пайшлі да Дзвіны, дзе пусцілі па рацэ памятны вянок ды папяровыя караблікі з імёнамі памерлых ліквідатараў – віцеблян.
“Урачыстасць сапсавалі заўсёдашнія таптуны, якія ўвесь час пільна сачылі за ўдзельнікамі”, – адзначыла віцебскі каардынатар БХД Таццяна Севярынец.