Правацэнтрысты прапанавалі дэмсілам стварыць адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў

27 красавіка 2016 13:38  |  Галоўныя навіны

Правацэнтрысты прапанавалі дэмсілам стварыць адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў

На стала дзеючай нарадзе дэмакратычных сілаў Беларусі Правацэнтрысцкая кааліцыя 27 красавіка прапанавала стварэнне адзінага спісу дэмакратычных кандыдатаў падчас парламенцкай кампаніі 2016 года.

“Там, дзе гэта магчыма, вылучыць адзінага кандыдата, дзе не атрымаецца – заклікаць рэгіянальных лідараў супрацоўнічаць у межах адной кампаніі. Паколькі ў Беларусі няма свабодных і дэмакратычных выбараў, то няма перашкоды для таго, каб супрацоўнічаць, не канкураваць паміж сабой і разам абараняць грамадзянаў ад беззаконня дзеючай улады”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

Таксама правацэнтрысты прапанавалі стварыць пляцоўку для каардынацыі дзейнасці ўсіх рэгіянальных лідараў пасля правядзення парламенцкай кампаніі.

Было дамоўлена, што на наступным пасяджэнні, якое пройдзе 3 траўня, будзе прадстаўлены механізм складання супольнага спісу. “Ёсць спадзеў, што ён будзе зацверджаны, і дэмакратычныя сілы правядуць гэтую кампанію разам”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Удзел у нарадзе ўзялі прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі, Кангрэсу дэмакратычных сілаў, ПБНФ, Еўрапейскай Беларусі і іншых.

Болей навін