Слонімцы патрабуюць справаздачы ад дэпутата, якая абяцала не павышаць пенсійны ўзрост
Слонімскія хрысціянскія дэмакраты накіравалі пісьмовы зварот дэпутату Палаты прадстаўнікоў ад Слонімскай выбарчай акругі № 58 Але Сопікавай з просьбай зрабіць справаздачу аб сваёй дзейнасці.
Справа ў тым, што ў гэтым годзе заканчваюцца паўнамоцтвы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5 склікання. У адпаведнасці з арт. 26 Закона ад 4 лістапада 1998 г. “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, Члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” дэпутат Палаты прадстаўнікоў адказны перад выбаршчыкамі і ім падсправаздачны.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў абавязаны перыядычна, але не радзей аднаго разу ў год рабіць справаздачы перад выбаршчыкамі акругі пра сваю працу, ходзе выканання перадвыбарчай праграмы, працы Палаты прадстаўнікоў і тых яе органаў, у склад якіх ён абраны ці ўваходзіць па пасадзе.
Аўтары звароту нагадваюць дэпутату, што падчас выбарчай кампаніі ў 2012 годзе яна абяцала выбаршчыкам працаваць над удасканаленнем пенсійнай сістэмы і не павышаць пенсійны ўзрост; забяспечыць эканамічна актыўнаму насельніцтву працоўныя месцы і годную аплату працы; дамагацца распрацоўкі заканадаўчай базы па зніжэнні падатковай нагрузкі на прамысловыя прадпрыемствы, малы і сярэдні бізнэс; аказваць падтрымку малому бізнэсу ў сферы вытворчасці тавараў, прац і паслуг.
Слонімцы просяць Алу Сопікаву правесці сустрэчу з выбаршчыкамі, на якой зрабіць падрабязную справаздачу па кожным пункце перадвыбарчых абяцанняў і пра іншую дзейнасць за перыяд дэпутацкіх паўнамоцтваў, а таксама адказаць на іншыя пытанні.