У Гродне на зборшчыкаў подпісаў з БХД выклікалі міліцыю
У Гродне 11 траўня падчас збору подпісаў супраць указу 222, супраць падвышэння пенсійнага ўзросту і ўвядзеньня СКПО ў таксоўках, а таксама за якаснае абслугоўванне ЖКГ у гандлёвым цэнтры “Карона”, што на вуліцы Горкага, ахоўнік ГЦ Руды выклікаў на актывіста БХД Сяргея Верамеенку міліцыю.
Паводле яго, актывіст мусіў свае дзеянні ўзгадняць з адміністрацыяй ГЦ. “Я паведаміў, што нічога не парушаю і маю права збіраць подпісы ў грамадскім месцы згодна Канстытуцыі і Закону аб Зваротах Грамадзян. Тое самае я патлумачыў нараду ленінскага РАУС. Вакол мяне адразу згуртаваліся некалькі прадпрымальнікаў і гандляроў з мэтай падтрымкі. Афіцэр міліцыі, вывучыўшы сітуацыю, правёў тлумачальную размову з … ахоўнікам рынку(!). Пра зварот сказаў, што ўсё вельмі пісьменна складзена, і пажадаў удачы ў справах”, – адзначыў Сяргей Верамеенка.
12 траўня прадпрымальнікі, што былі сведкамі інцыдэнту цікавіліся “што там было далей”. А адміністратар ГЦ сказала, што подпісы, канечне, збіраць можна, толькі “акуратна”. Што такое “акуратна” патлумачыць не змагла, паведаміў актывіст.